Пасаду Кавалеўскага ў Пераходным кабінеце заняў Уладзімір Астапенка
Уладзімір Астапенка
Выканаўцам абавязкаў прадстаўніка па замежных справах Аб'яднанага пераходнага кабінета (АПК) прызначаны Уладзімір Астапенка. Адпаведнае рашэнне прыняла кіраўніца АПК Святлана Ціханоўская, паведамляе прэс-служба кабінета.
Валерый Кавалеўскі, які займаў пасаду прадстаўніка па замежных справах, склаў свае абавязкі. Астапенка дагэтуль быў яго намеснікам.
Ціханоўская на пасяджэнні АПК выказала падзяку Кавалеўскаму за тры з паловай гады супольнай працы — спачатку ў Офісе, а потым і ў Кабінеце: "Сярод іншага, Валерый Георгіевіч уздымаў пытанне Беларусі на міжнародных форумах і ў арганізацыях, арганізаваў працу Місіі дэмакратычнай Беларусі ў Бруселі, дапамагаў вырашаць пытанні беларусаў за мяжой".
Уладзімір Астапенка — дыпламат, кандыдат юрыдычных навук. У 2020 годзе ён быў амбасадарам Беларусі ў Аргенціне. Астапенка выступіў супраць фальсіфікацый на прэзідэнцкіх выбарах, заявіў пра шматлікія парушэнні асноўных правоў і свабод грамадзян Беларусі і падаў у адстаўку — у сувязі з тым, што наймальнік (г.зн. Лукашэнка) парушыў заканадаўства. Дыпламата завочна асудзілі на пяць гадоў пазбаўлення волі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.