Пасажырскі самалёт разбіўся ў Іране: загінула не меней за 40 чалавек
Лайнер кампаніі “Сепахан Эйр” вылецеў з Тэгерану ў 9.20 паводле мясцовага часу і літаральна праз некалькі хвілін упаў на ўскраіне горада.
Паводле ўдакладненых дадзеных, на борце было каля 50 чалавек, сярод іх — сямёра дзяцей. Як перадае агенцтва “Фарс”, пілот самалёта быў украінцам. Ён страціў кіраванне ўжо на апошніх метрах узлётнай паласы, аднак здолеў адарвацца ад зямлі і праляцець яшчэ некалькі хвілін.
Крушэнне адбылося ў некалькіх сотнях метраў ад буйнога рынку. Некалькі чалавек, якія знаходзіліся ў зоне падзення самалёту, атрымалі раненні. Першапачаткова паведамлялася, што ў выніку катастрофы ўсе пасажыры і экіпаж самалёту загінулі, аднак пазней высветлілася, што 9 чалавек знайшлі жывымі.
Магчымай прычынай катастрофы самалёту пад Тэгеранам магла стаць паломка аднаго з рухавікоў. Гэта самалёт Ан-140 іранскай зборкі — IrAn-140, перадаюць замежныя інфармагенцтвы.