Пасланне Лукашэнкі: 40 хвілін пра карупцыю і “шкодная бульба з мясам”

"Тры фундаментальныя рэчы — паскоранае развіццё ўнутранага рынку, удасканаленне механізмаў кіравання эканомікай і ўсялякае развіццё канкурэнцыі — павінны стаць трыма арыенцірамі новага эканамічнага курсу”, — агучвае кіраўнік краіны падчас паслання.

А функцыі чыноўнікаў — “пераглядзець і, магчыма, скараціць”.

Найбольшую частку штогадовага паслання да беларускага парламента Аляксандр Лукашэнка прысвячае карупцыі: ад паўмільёна долараў да бутэлькі каньяку.

“Мы не перамаглі карупцыю. Летась ускрытая схема Белкаапсаюза. За продаж будынку ў цэнтры Мінска патрабавалі хабар у паўмільёна долараў”, — кіраўнік краіны пералічвае факты карупцыі і адкатаў цягам больш чым 40 хвілін, што для пасланняў — нечаканасць.

У сёлетнім пасланні “насельніцтва” нечакана пераўтвараецца ў “нацыю”, а беларуская мова — у каштоўнасць.

“Мы не рускія — мы беларускія. Калі мы развучымся размаўляць па-беларуску, мы перастанем быць нацыяй”, — нечакана кажа Аляксандр Лукашэнка.

Упершыню кіраўнік “стабільнай” Беларусі гаворыць пра небяспеку незалежнасці, прыгадваючы падзеі ва Украіне.

“У гэтай сітуацыі мы павінны любымі сродкамі адстаяць галоўную нашу каштоўнасць — незалежнасць краіны, святое права жыць на сваёй зямлі і самім распараджацца сваім лёсам”, — узгадвае Аляксандр Лукашэнка.

Ды жартуе са свайго “бліжэйшага саюзніка”

“Калі сюды прыйдзе Пуцін, незразумела на чыім баку будуць рускія”, — дадае кіраўнік Беларусі.

Пасланне — не без “смачных” выпадаў і выслоўяў. Каб “пазабаўляць стомленых ад выступу чыноўнікаў і дэпутатаў”.

“І што гэты тоўсты дзядзька, які за мной хадзіў у лякарні цяпер? Я пра тоўстага дзядзьку пытаю?! Канешне, 250 кілаграмаў, дзе тут здаровым будзеш”, — прыгадвае Лукашэнка свой апошні візіт на Слуцкі ільнозавод, дзе застаўся незадаволеным захоўваннем сыравіны і парадкам на прадпрыемстве.

Тут жа кіраўнік Беларусі пачынае вучыць правільна харчавацца і сачыць за здароўем.

“Мы ж жарэм абы што! І як патрапіла! Мы, сілкуючыся, самі сябе цкуем! Здароўе у нас не цэніцца! Ну навошта ты жарэш гэтую бульбу з мясам, тым больш, на ноч!", — павучае Аляксандр Лукашэнка.

І пра спорт, ужо адказваючы на пытанні дэпутатаў кіраўнік краіны аказваецца “хакеістам па няшчасці”.

“Я па няшчасці хакеіст, бо па прафесіі я — футбаліст”, — прызнаецца Аляксандр Лукашэнка. Пра дэвальвацыю ён таксама гаворыць, але ўжо па-за межамі Паслання — адказваючы на пытанні дэпутатаў: да канца года павольная, на 5-6%.

Агулам па часе пасланне доўжыцца 4 гадзіны. Гэта больш, чым летась. У мінулым годзе кіраўнік краіны выступаў крыху больш за дзве гадзіны.

Фота: onliner.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі