Паўтораў на табло “Барысаў-Арэны” няма, каб не правакаваць канфлікты

9 кастрычніка зборная Беларусі па футболе прымае ўкраінцаў. Праз тры дні — славакаў. Натуральна, што гульні адбудуцца на “Барысаў-Арэне”. Нягледзячы на сучаснасць і камфорт футбольнага стадыёна, заўзятараў усё ж могуць чакаць складанасці.

Нашу галоўную на сёння футбольную арэну часта параўноўваюць з хакейнай “Мінск-Арэнай”, якая змяшчае амаль столькі ж людзей.

Заўзятары чакалі, што і футбол у Барысаве можна будзе праглядаць з відэапаўторамі. Гэтага не адыблося.

“Рэгламент УЕФА забараняе паказваць паўторы матча на экранах, — тлумачаць Еўрарадыё ў прэс-службе Беларускай федэрацыі футбола. — Робіцца гэта для таго, каб на трыбунах не ўзнікла спрэчных, канфліктных сітуацый паміж заўзятарамі. Таму што нехта можа трактаваць момант па-свойму, нехта — інакш”.

Раз-пораз заўзятары-аўтамабілісты скардзяцца на маленькую паркоўку. Машынамі застаўленыя ўсе ўзбочыны прылеглай да стадыёна шашы, якая вядзе з Жодзіна ў Барысаў. Але і там пакінуць аўто складана. Часта даводзіцца ставіць машыну ў партызанскіх закутках барысаўскага лесу. Праз такія складанасці з паркоўкай і пільны прапускны рэжым добрая траціна стадыёна не паспявае да пачатку гульні. Карцінка псуецца.

Еўрарадыё ўжо прыводзіла меркаванне ФК “БАТЭ”, што на матчы лепш прыязджаць як мінімум за 40 хвілін да пачатку.

Гендырэктар клуба Міхаіл Дземянцэвіч разумее сітуацыю, але падкрэслівае, што ажыятаж і некаторыя складанасці пры ўваходзе на стадыён — гэта лепш, чым адсутнасць заўзятараў:

“З аднаго боку, нават прыемна тое, што на пад’ездзе да Барысава ўтвараюцца заторы не ад таго, што завод “БелАЗ” скончыў працоўную змену, а таму, што людзі едуць на футбол. У той жа момант мы звяртаемся да ўсіх заўзятараў з просьбай прыязджаць нашмат раней. Таму што пункты харчавання, пункты правядзення вольнага часу пачынаюць працаваць за 2,5 гадзіны да пачатку матча. Для заўзятараў створаныя ўсе камфортныя ўмовы. І хочацца, каб з пачаткам матчу ўсе былі на трыбунах, а не праз 15-20 хвілін пасля пачатку”.

Аднак наўрад ці сітуацыя зменіцца. Нягледзячы на позні пачатак матчаў, людзі часта едуць на стадыён пасля працы з іншых гарадоў. І практыка паказвае, што 40 перадматчавых хвілін для паркоўкі і праходу на трыбуны не хапае. 

Калі ўсё ж прыязджаць на матчы загадзя, то ўвесь вольны час на “Барысаў-Арэне” — гэта пункты харчавання з бульбай, хот-догамі, папкорнам і напоямі, а таксама продаж сувеніраў.

Адзін з відаў дасугу на "Барысаў-Арэне". Фота tribuna.com

Інавацый з продажам піва падчас гульняў зборнай ці еўракубкавых матчаў не здарылася. Хоць досвед быў адпрацаваны на некаторых лядовых пляцоўках Беларусі. І, як паведаміла Еўрарадыё намесніца начальніка ўпраўлення грамадскага харчавання “Мінск-Арэны” Ірына Мікалаева, скандальных сітуацый, звязаных са спажываннем піва, там ніколі не паўставала. П’яным пасля пары бакалаў пеннага напою з хакея нікога не выводзілі. Чаму б не выкарыстаць гэты досвед на “Барысаў-Арэне”?

“Калі казаць пра матчы чэмпіянату і Кубка Беларусі, то піва рэалізуецца з моманту ўводу стадыёна, — кажа прэс-сакратар БАТЭ Сяргей Дашкевіч. — Рэалізуецца яно на другім ярусе, там, дзе заўзятарская зона. Але патрабаванне нашых праваахоўных органаў такое, што праносіць піва на сектары нельга. Што да еўракубкаў, то адным са спонсараў Лігі чэмпіёнаў з’яўляецца Heiniken. Ужо толькі таму ніякага іншага піва падчас матчаў Лігі чэмпіёнаў прадаваць нельга. Па-другое, існуе дакумент “Правілы бяспекі на турнірах пад эгідай УЕФА”. Паводле яго, рэалізацыя піва забароненая. Адзінае выключэнне: піва Heiniken дапускаецца ў віп-ложах”.

“На стадыёне ў Люксембургу, на Уэмблі ў Англіі, на “Стад дэ Франс” у Сэн Дэні піва прадавалася, але безалкагольнае, — кажа футбольны і хакейны заўзятар Кастусь Цітоў, які часта выязджае падтрымліваць беларускія каманды. — Хоць адразу каля стадыёна ў кавярнях прадавалася ўсё што жадаеш. Калі ж я наведваў матчы “Арсенала” ў Прэм’ер-лізе, то піва было”.

Еўрарадыё: Ці моцна адрозніваецца прагляд футбола на “Барысаў-Арэне” ў параўнанні са стадыёнамі за мяжой?

Кастусь Цітоў: “Не варта параўноўваць нашу арэну з новымі стадыёнамі, як “Уэмблі” ці “Эмірэйтс”. Але калі разглядаць стадыёны “Мілана”, “Валенсіі” і “Барселоны”, то там таксама няма нейкіх неверагодных сервісаў. Адзінае, што большыя памеры і ў пунктах фаст-фудаў значна больш хутка працуюць. У нас да належнага тэмпу, відаць, яшчэ не прызвычаіліся”.

Барысаў, падобна да таго, ператварыўся ў галоўны футбольны горад краіны на працяглы тэрмін. Новы стадыён прымае гульні зборнай, чэмпіянату краіны і Лігі чэмпіёнаў з удзелам БАТЭ, матчы Лігі Еўропы з удзелам сталічнага “Дынама”. Часам на вока падаецца, што газон на арэне з цяжкасцю вытрымлівае выпрабаванні.

“Зразумела, што нагрузкі сур’ёзныя, але газон у нармальным стане”, — запэўнівае Еўрарадыё дырэктар “Барысаў-Арэны” Дзмітрый Шышло.

Перыядычна мясцовую арэну аглядаюць спецыялісты УЕФА, і пакуль пра нейкія нараканні, звязаныя з газонам, чуваць не было.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі