ПДВ на паслугі электрасувязі вырас — падаражэюць кватэрны тэлефон і інтэрнэт
Падатак на даданую вартасць у дачыненні да абаротаў ад рэалізацыі паслуг электрасувязі на тэрыторыі Беларусі, якія аказваюцца абанентам, падвышаецца да 25%. Такая норма змяшчаецца ва ўказе ад 25 сакавіка 2016 года №111 “Аб падаткаабкладанні і зацвярджэнні бюджэту пражытковага мінімуму”.
Як адзначыў міністр фінансаў Уладзімір Амарын, ранейшая стаўка падатку на гэты від паслуг складала 20%. Цяперашняе павышэнне закране ўсе віды электрасувязі, у тым ліку інтэрнэт-сувязі і гарадскога тэлефона.
Міністр не выключыў, што дадзеная мера ў выніку паўплывае на цану для спажыўцоў паслуг мабільнай або інтэрнэт-сувязі. “Так, гэта некалькі падвысіць кошт гэтых паслуг, але ўсё можна рэгуляваць аб'ёмам спажывання”, — цытуе Уладзіміра Амарына БЕЛТА.
Указам прадугледжана, што дадзеная норма набывае моц ад 1 красавіка 2016 года.