Ператрус на Каляды: у кватэры Сіўчыкаў шукалі доказы дачынення да Плошчы

25 снежня замест калядоўшчыкаў да актывістаў беларускага дэмакратычнага руху завіталі супрацоўнікі КДБ. Ператрусы адбыліся ў кватэрах праваабаронцы Алега Воўчака, кінадраматурга Ўладзіміра Халіпа, экс-кандыдатаў у прэзідэнты Андрэя Саннікава і Алеся Міхалевіча, прэс-сакратара Саннікава Аляксандра Атрошчанкава, журналісткі Наталлі Радзінай, на офісе АГП і ў рэдакцыі Еўрарадыё... Недзе а 12-й завіталі людзі ў цывільным і ў кватэру да праваабаронцы Вячаслава Сіўчыка.

“І ў нашай кватэры адбылося дзяржаўнае святкаванне Калядаў, — распавяла Еўрарадыё жонка Вячаслава Сіўчыка Таццяна. — Яны прыйшлі да дзвярэй кватэры каля 12-й, калі мы з сынам знаходзіліся на святой імшы. Імша была святочная, цэлебраваная біскупам, і мой сын нес службу міністранты. Нам давялося перарваць удзел у святой імшы, што ўжо само па сабе з’яўляецца грахом, вянуцца дахаты, прымаць дзяржаўных гасцей”.

Чацвёра супрацоўнікаў упраўлення КДБ па Мінску і Мінскай вобласці прад’явілі Таццяне дазвол на правядзенне ператрусу. Ён быў матываваны крымінальнай справай аб масавых беспарадках, што адбыліся 19 снежня.

“З размоваў супрацоўнікаў КДБ вынікала, што яны шукалі нейкую літаратуру — магчыма, перапіску ці ўлёткі — якія б заклікалі да масавых беспарадкаў. Ці прадметы, што маглі б сведчыць пра тое, што жыхары гэтай кватэры маюць дачыненне да ўсяго, што адбывалася 19 снежня,
— працягвае Таццяна Сіўчык. — Але не знайшлі нічога і забралі з кватэры кампутар і дыскі з дыскетамі, на якіх не было надпісаў пра іх змест”.

Прыкладна ў 16:10 з кватэры Сіўчыкаў выйшлі панятыя. Але людзі ў цывільным засталіся — і прабылі сам-насам са змучанай ператрусам жанчынай і яе непаўнагадовым сынам яшчэ каля 40 хвілінаў. Таццяна Сіўчык мяркуе, што ўвесь гэты час яны чакалі нарад міліцыі з Цэнтральнага РАЎС, які б выправадзіў з лесвічнай пляцоўкі журналіста Еўрарадыё.

Міліцыя прыехала прыкладна ў 16:40 і прымусіла мяне выйсці на вуліцу. Нібыта нехта з жыхароў паскардзіўся, што ў пад’ездзе знаходзяцца чужыя людзі. Праз хвіліну праз другія дзверы з пад’езду сыйшлі супрацоўнікі КДБ.

“У нашай краіне пасля апошніх выбараў назіраецца такі і бяспраўе, што не знаходзіцца ўжо словаў, каб гэта апісаць, — кажа Таццяна Сіўчык. — Немагчыма ацаніць ні паводзіны міліцыянтаў, ні паводзіны супрацоўнікаў КДБ, ні паводзіны звычайных грамадзянаў... Усё гэта немагчыма вытлумачыць. Мы жывем у нейкім кашмары. Нібыта пекла спусцілася на зямлю”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі