Першая група байцоў палка "Пагоня" падпісвае кантракты з ССА Украіны
Стала вядома, што першая група байцоў беларускага палка "Пагоня" падпісвае кантракты з Сіламі спецыяльных аперацый Украіны. А служба там мае "высокі ўзровень сакрэтнасці", таму падрабязных звестак пра іх дзейнасць, відаць, не будзе.
Згаданае беларускае падраздзяленне пачало фармавацца ў сакавіку. Было заяўлена, што яно існуе ў складзе Інтэрнацыянальнага легіёна Узброеных сіл Украіны. Нядаўна пра полк "Пагоня" апублікавала фотарэпартаж Associated Press. Яго байцы праходзілі інтэнсіўныя трэніроўкі.
У Сілах спецыяльных аперацый Украіны служыў беларус Аляксей Скобля (пазыўны "Тур"). Ён загінуў 13 сакавіка, абараняючы Кіеў — прыкрываў адыход сваіх байцоў. У красавіку беларускага вайскоўца пасмяротна узнагародзілі зоркай Героя Украіны.
У складзе Узброеных сіл Украіны знаходзіцца беларускі полк імя Кастуся Каліноўскага. Яго падраздзяленні ўдзельнічаюць у баявых дзеяннях супраць расійскіх войск. Святлана Ціханоўская заявіла ў адным з інтэрв'ю, што ва Украіне каля 1500 беларускіх добраахвотнікаў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.