Першы дзень працы BelToll: Кіламетровыя чэргі на расійскай мяжы (відэа)
Дальнабойшчыкі чакаюць афармлення неабходных дакументаў па некалькі гадзін.
“У два шэрагі стаяць фуры на трасе. Чарга кіламетры на два, нават складана сказаць, колькі там машын. Можа, 300-400”, — расказвае Еўрарадыё старшыня Засценкаўскага сельсавета Анатоль Додрыкаў.
Праз падкантрольную яму тэрыторыю праходзіць траса М1, на якой ад сённяшняга дня дзейнічае новая звышсучасная сістэма аплаты за праезд. Датычыць яна перадусім кіроўцаў фур, якія праязджаюць праз нашу краіну транзітам з захаду на ўсход і нааадварот. Плацяць за праезд і кіроўцы легкавікоў, зарэгістраваных па-за межамі Мытнага Саюза. Ад сёння, каб аплаціць праезд па М1, трэба у адмысловым пункце на мяжы набыць спецыяльную прыладу, завесці рахунак для аплаты і проста ехаць. Датчыкі, размешчаныя на трасе, будуць аўтаматычна здымаць грошы за кожны ўчастак шляху.
Зручна, але не без мінусаў. Такім мінусам стала неабходнасць рэгістравацца ў сістэме. Далёка не ўсе дальнабойшчыкі набылі неабходныя прылады загадзя. Чэргі ўтварыліся не толькі на беларуска-расійскай мяжы, але і на беларуска-польскай.
“Стаіць чарга ля абодвух пунктаў афармлення. Пастаянна чалавек па 15-20 тут. На кожнага дзесьці 20 хвілін — вось і лічыце, колькі яны тут прабудуць… І гэта доўга яшчэ працягнецца. Людзі заранёў не набывалі сабе гэтыя прылады, не рэгістраваліся ў сістэме, пакідалі на апошні дзень”, — расказваюць Еўрарадыё на брэсцкай памежнай запраўцы кампаніі “Белтрансоіл”, дзе размешчаныя пункты сістэмы BelToll.
Фота — profi-forex.org