Першыя фота палітвязняў на волі
22 жніўня Аляксандр Лукашэнка памілаваў шасцярых палітвязняў.
Аляксандр Лукашэнка 22 жніўня падпісаў указ аб памілаванні шасцярых палітвязняў — Мікалая Статкевіча, Ігара Аліневіча, Мікалая Дзядка, Яўгена Васьковіча, Арцёма Пракапенкі і Юрыя Рубцова.
Усе яны былі даволі хутка і нечакана для іх саміх вызваленыя. І ўжо позна ўвечары дабраліся дадому.
Мікалай Статкевіч прыехаў на Усходні вакзал Мінска. Больш за сотню чалавек прыйшлі яго сустракаць. З іх вельмі шмат журналістаў. Па словах Статкевіча, вызваленне адбылося нечакана. Проста прыйшлі ў камеру і сказалі збіраць рэчы. Статкевіч сабраў усе рэчы, бо думаў зноў пераводзяць. Але калі далі распісацца за грошы на рахунку, стала зразумела, што вызваляюць. Пасля ўжо паказалі загад аб вызваленні. Калі б ведаў, кажа Мікалай, пакінуў бы частку рэчаў у турме.
Прашэнне аб памілаванні не пісаў.
Ігара Аліневіча родныя не паспелі сустрэць на чыгуначным вакзале ў Мінску. Таму некаторы час увогуле было невядома, дзе ён знаходзіцца. Але потым аб’явіўся дома. 31-гадовага хлопца у 2011 годзе асудзілі за закідванне бутэлькамі з запальнай сумессю тэрыторыі амбасады Расіі. Далі восем гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму.
"Тады сказалі, што прыйшлі аператыўнікі і хочуць тэрмінова мяне бачыць. Дагэтуль некалькі дзён я чакаў, што мяне праз два-тры месяцы павязуць у ПКТ (памяшканне камернага тыпу, унутраная турма зоны для парушальнікаў, ― заўв. Еўрарадыё), а пасля ў крытую турму. Не было ніякай абвесткі. На ўсе пытанні адказвалі маўчаннем. Ніхто не ведаў, куды мяне вядуць. Варыянтаў было шмат: апроч ПКТ маглі перавесці ў іншы лагер з-за апошняга артыкула, які я напісаў пра пенітэнцыярную сістэму. Да апошняга моманту пакуль мяне не вывелі і не агучылі акт пра памілаванне, я не ведаў, куды накіроўваюся", ― распавёў Аліневіч Еўрарадыё.
Прашэнне аб памілаванні не пісаў.
Мікалай Дзядок таксама даведаўся аб вызваленні ў апошні момант, калі падвялі да варотаў і аддалі ўсе рэчы. Яму 26 гадоў. Мікалая разам з Аліневічам затрымалі ў якасці падазраванага ў нападзе на амбасаду Расіі. Аднак, амаль праз тры тыдні яму прад'явілі абвінавачванне ва ўдзеле ў несанкцыянаванай акцыі каля Генштаба Беларусі. Суд прысудзіў Дзядку 4,5 года калоніі па абвінавачванні ў хуліганстве.
Прашэнне аб памілаванні не пісаў.
25-гадовы Яўген Васьковіч быў асуджаны ў траўні 2011-га на сем гадоў калоніі строгага рэжыму па абвінавачванні ў закідванні будынка Бабруйскага КДБ бутэлькай з запальнай сумессю. Адбываў пакаранне ў турме ў Магілёве. На аўтавакзале ў Бабруйску Васьковіча сустракала маці, яго сябры, грамадскія актывісты.
Юрый Рубцоў таксама размінуўся з сваякамі на вакзале ў Гомелі і патэлефанаваў сыну ўжо з дома позна ўвечары 22 жніўня. Грамадскі актывіст з Гомеля увосень 2014 года быў асуджаны на 1,5 года “хіміі” па абвінавачванні ў абразе суддзі. Мужчыну затрымалі міліцыянеры пасля "Чарнобыльскага шляху". На шэсці на Рубцове была майка з надпісам “Лукашэнка сыходзь”. Праз два дні яго прывезлі ў суд з ізалятара на Акрэсціна голым па пояс.
25-гадовы Арцём Пракапенка фігурант гэтак званай “справы анархістаў”. Яго паспелі сустрэць на чыгуначным вакзале ў Мінску. "Жыве Беларусь!" — выгукнуў ён. Арцём Пракапенка быў асуджаны на 7 гадоў пазбаўлення волі ўзмоцненага рэжыму па адной справе з Яўгенам Васьковічам. У зняволенні ён са студзеня 2011 года.
Яшчэ ў лютым 2015 палітвязень накіраваў прашэнне аб памілаванні Лукашэнку.
Фота: Еўрарадыё, Аляксей Колчын, svaboda.org, nn.by, сацсеткі