Пісаць сваю музыку, каб не граць чужую: гісторыя юнага кампазітара з перахода
20-гадовага скрыпача Данііла Кулікоўскіх можна штодня сустрэць у мінскіх пераходах. Разам з гуртом EVANDband ён грае сваю ўласную музыку. Мяркуючы па амаль чатырох тысячах падпісчыкаў і водгуках у “Вконтакте”, аўтарская музыка Кулікоўскіх кранае слухача.
Данііл нарадзіўся ў Мінску. Музыкай стаў займацца ў чатыры гады, а першую п'есу напісаў у шэсць. Цяпер ён вывучае педагогіку і псіхалогію і спрабуе зразумець, як музыка ўплывае на людзей. Марыць стаць кампазітарам, але бачыць сябе не на сцэне, а “за кадрам” — хоча пісаць саўндтрэкі для кіно і камп'ютарных гульняў. Асаблівых перспектыў у Беларусі не адчувае з-за адсутнасці музычнай індустрыі:
"Калі ты пішаш музыку ў Беларусі, то зарабіць ёй практычна немагчыма. Тут яе прадаць нерэальна, таму што людзі не прывыклі набываць музыку. Я, вядома, гляджу ў бок замежжа не таму, што кепска стаўлюся да сваёй Радзімы, а таму што там больш магчымасцяў. Тут больш зарабляе будаўнік, чым музыка, гэтым усё сказана ", — кажа Данііл.
Пакуль жа разам з сябрамі, з якімі скончыў музычны каледж імя Глінкі, Данііл ўдасканальвае майстэрства і напрацоўвае аўдыторыю ў мінскіх пераходах:
"У пераход мы выйшлі спачатку ўдвух з іншым скрыпачом — мне проста была цікавая рэакцыя людзей. Выконвалі не маю музыку, але ў гэтым я вялікага сэнсу не бачыў. Ты проста граеш чужыя творы, і за гэта табе кідаюць грошы. Гэта няправільна, бо такім чынам мы парушаем аўтарскія правы. Цяпер з калектывам мы выконваем толькі маю музыку не з-за нейкага эга, якое разраслося, а таму, што ніхто іншы нічога не прапануе".
Заробак у мінскіх пераходах, распавядае Кулікоўскіх, вар'іруецца ад нуля да ста рублёў у дзень на кожнага ўдзельніка каманды. Але сто рублёў — гэта нерэальная ўдача, якая можа быць звязаная з добрым надвор'ем, заробкам у мінакоў або наяўнасцю багатага чалавека, які, пачуўшы музыку Evandband, не змог прайсці міма.
"Падчас чэмпіянату свету па хакеі за дзень нам аднойчы "падзякавалі" на 600 долараў. Але мы вельмі стараліся", — узгадвае Данііл. Выступы ў пераходзе, вядома, робяць сваю справу — гурт запрашаюць на карпаратывы. Але некаторыя арганізатары мерапрыемстваў карыстаюцца недасведчанасцю хлопцаў і часам "кідаюць" іх на грошы.
"Музыцы я вучуся 13 гадоў. Разумею, што адукацыя ў выніку мне фінансава не дапаможа: для мужчыны прафесія педагога — не заробак. Але я хачу атрымаць копмлексныя веды па псіхалогіі і педагогіцы, каб больш разумець, як людзі рэагуюць на музыку, таму што музыка — гэта не толькі гук, але і зносіны з чалавекам, гэта яго ўспрыняцце цябе, як кампазітара".
EVANDband пакуль не выпусціў дэбютны альбом, але новыя трэкі можна паслухаць на старонцы гурта.