Побач з Лукашэнкам ці замужам: чым займаюцца "Міс Беларусь" апошніх гадоў
Дар'я Ганчарэвіч, Вікторыя Мігановіч, Вольга Хіжнякова, Паліна Барадачова і Марыя Васілевіч
Нядаўна ў Мінску выбралі "Міс Беларусь — 2023". Ёю стала менеджарка мадэльнага агенцтва ў Нацыянальнай школе прыгажосці Элеанора Качалоўская. Сёлета конкурс запомніўся танцамі з кувалдамі і тым, што новая "Міс Беларусь" не змагла назваць аўтара п'есы "Паўлінка". У астатнім усё прайшло даволі ціха. Затое некаторыя папярэдніцы Элеаноры не саромеюцца афішаваць сумнеўную бурную дзейнасць.
Еўрарадыё даведалася, як жывуць іншыя "Міс Беларусь" апошніх гадоў.
2021. Дар'я Ганчарэвіч
У інстаграме Дар'і напісана:
— Выкладаю дэфіле ў Нацыянальнай школе прыгажосці.
Улетку Ганчарэвіч знялася ў кліпе ў Руслана Аляхно разам з Дар'яй Шманай. У чэрвені 2022 года Аляхно выступіў у акупаваным Херсоне на канцэрце да "Дня Расіі". А Шманай з восені 2022 года з'яўляецца дарадцам-пасланнікам пасольства Беларусі ў Расіі. Да гэтага яна была памочніцай Аляксандра Лукашэнкі.
— Гэта будзе бомба, — кажа пра кліп Ганчарэвіч.
Яшчэ Дар'я шмат падарожнічае. Напрыклад, у Турцыю і Піцер. Сярод іншых актыўнасцяў дзяўчыны — удзел у праўладных мерапрыемствах.
Яшчэ ў дзяржСМІ яна расказвае пра дабрачынны праект "ZooСердце", які павінен дапамагаць бяздомным жывёлам. Ініцыявалі праект Нацыянальная школа прыгажосці і Дар'я Ганчарэвіч.
2018. Марыя Васілевіч
Марыя Васілевіч у 2019 годзе стала дэпутаткай Палаты прадстаўнікоў. Пакуль яна на гэтай пасадзе. The Times пісала, што Васілевіч "выйграла" месца ў парламенце праз рамантычную сувязь з Лукашэнкам. Аднак дзяўчына назвала гэта хлуснёй і раскрытыкавала стандарты The Times. На той момант Васілевіч была "рэдактарам аддзела рэдактараў" на "Беларусь 1".
Пасля перамогі ў конкурсе яна паспела скончыць Маскоўскі інстытут псіхааналізу ў 2022 годзе. У яе ўжо была вышэйшая адукацыя, якую яна атрымала ў БДЭУ.
Як дэпутат Марыя Васілевіч вызначылася. Пасля пратэстаў 2020 года яна наведала ў бальніцы пратэстоўцаў, якія пацярпелі ад рук сілавікоў.
— Я як прадстаўнік дзяржаўнай улады — хоць, можа, і не маю на тое паўнамоцтваў — прыносіла прабачэнні людзям за нанесеныя ім траўмы.
Васілевіч уваходзіць у камісію па правах чалавека Палаты прадстаўнікоў. Аднак яе актыўнасці шырэйшыя — яна прасоўваецца закон пра адказнае абыходжанне з жывёламі. Праца над ім вядзецца з сакавіка 2022 года. Пакуль законапраект не прыняты.
Паліна Барадачова жыве ў Францыі. Яна замужам за хакеістам Яўгенам Нагачовым. У іх ёсць маленькае дзіця. Пра дзейнасць Паліны практычна нічога не вядома. У сацсетках яна піша пра сябе як пра "мадэль" і публікуе пасты, у якіх расказвае пра сям'ю, чытанне, хатнія справы.
У красавіку 2022 года яна напісала ў Instagram:
— Дзень пачынаю з медытацыі. Думаю пра добрае. Цяпер так. Навін не чытаю. Начыталася. Толькі зрэдку з надзеяй пытаю ў мамы па тэлефоне: "Ну што там, вайна скончылася?" Жывеш далей, занураешся ў сям'ю, у самае дарагое. Дыхаеш і дзякуеш. Застаешся моцным і верыш у лепшае. Верыш у чалавечае ў чалавеку. Хочаш верыць.
Вікторыя Мігановіч, відаць, адышла ад свету моды. У сваім Instagram яна прапануе купіць яе курс. "Міс Беларусь — 2014" — касметык-эстэтыст з медыцынскай адукацыяй.
Яшчэ яна падарожнічае, захапляецца жывапісам і нават паказвае свае працы на выставах.
— Сябры, вы нават не ўяўляеце, як прыемна выстаўляць сваю працу побач з вялікімі мастакамі, ды яшчэ і ў галерэі Міхаіла Савіцкага. Дзякуй усім, хто падтрымаў і верыў у мяне, дзякую, — напісала Мігановіч вясной 2021 года.
Вікторыя выхоўвае дваіх дзяцей.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.