Полацкі музыка заспявае разам з Дзіянай Арбенінай
Ігар Палынскі выканаў на адборы беларускамоўную песню — і цяпер выступіць на канцэрце 5 снежня ў Маскве.
Дзеля юбілейнага канцэрта ў клубе “Crocus City Hall”, прысвечанага 20-годдзю гурта “Ночные снайперы”, лідарка Дзіяна Арбеніна вырашыла сабраць “Снайперскі хор”, паведамляе полацкі сайт 0214.by.
Ігар Палынскі, лідар гурта “Горад N”, меў даўнюю мару заспяваць разам з Арбенінай, таму падаў заяўку разам з запісам сваёй песні. Заўчора Ігар пабываў на праслухоўванні ў Маскве, адмяніўшы дзеля гэтага нават свой выступ у Полацку.
На адборы Палынскі заспяваў беларускамоўную песню “Засіялі зоркі”, якую часам пяе сама Арбеніна на канцэртах у Беларусі — на праслухоўванні яна нават пачала яму падпяваць. Нагадаем, што спявачка мае беларускія карані: яна нарадзілася ў Валожыне, пэўны час жыла ў Барысаве, потым сям’я пераехала ў Расію.
Музыка вельмі задаволены магчымасцю такога выступу. Кажа, што калі мара — заспяваць выключна дуэтам з Арбенінай — і не ажыццявіцца, то досвед працы з такім прафесійным гуртом пойдзе на карысць.
Фота — 0214.by