Полчышчы крылатых мурашак атакавалі беларускую сталіцу
Асабліва гэта адносіцца да Заводскага раёна Мінска, а таксама тэрыторый каля Трактарнага завода і Камсамольскага возера.
Як паведамляе агенцтва "Минск-новости", навуковы супрацоўнік навукова-практычнага цэнтра Акадэміі навук па біярэсурсах Міхаіл Максіменкаў кажа, што гэтая з’ява назіраецца кожнае лета і ніякай небяспекі для чалавека не ўяўляе. Паводле яго слоў, "у мурашак наступіў перыяд размнажэння".
Навуковец кажа, што ад мурашак ёсць і карысць — яны знішчаюць тлю, якая наносіць шкоду дрэвам і хмызнякам. Таму Міхаіл Максіменкаў заклікае іх не знішчаць, бо "ў кватэрах яны не завядуцца".
Звычайна мурашыны лёт заканчваецца ў пачатку жніўня.
Фота — minsknews.by