Польшча і Літва адмовіліся выдаваць Мінску Сцяпана Пуцілу і Святлану Ціханоўскую

Святлана Ціханоўская / @tsikhanouskaya
Святлана Ціханоўская / @tsikhanouskaya

Польшча адмовілася выдаваць Беларусі стваральніка папулярнага тэлеграм-канала Сцяпана Пуцілу, а Літва — Святлану Ціханоўскую. Пра гэта паведамляе БЕЛТА са спасылкай на старшыню Следчага камітэта Беларусі Дзмітрыя Гару.

З просьбай выдаць Пуцілу Мінск звяртаўся ў Варшаву яшчэ ў лістападзе 2020 года. Беларускія пракуроры тады пісалі, што Пуціла падазраецца ў распальванні расавай, нацыянальнай, рэлігійнай варожасці і варажнечы, арганізацыі масавых беспарадкаў і іншых злачынствах. Адказ прыйшоў толькі ў лютым 2022 года. І гэта была адмова "з фармулёўкай — аказанне прававой дапамогі можа нанесці шкоду суверэнітэту і бяспецы, правам і законным інтарэсам грамадзян або супярэчыць асноўным прынцыпам дзейнага заканадаўства", расказаў Гара.

Ціханоўскую, паводле слоў старшыні беларускага СК, абвінавачваюць "таксама ў здзяйсненні шэрагу цяжкіх злачынстваў, у тым ліку — змове з мэтай захопу дзяржаўнай улады".

З просьбай пра яе экстрадыцыю Мінск звяртаўся да Вільні больш за год таму — у сакавіку 2021-га. У Вільні тады аператыўна адказалі на запыт. Кіраўнік літоўскага знешнепалітычнага ведамства Габрыэлюс Ландсбергіс заявіў, што Літва будзе каменнай сцяной, за якой знойдуць прытулак усе дэмакратычныя сілы, якія пераследуе беларускі рэжым. Ён таксама адзначыў, што "хутчэй пекла замерзне", чым Літва пачне разглядаць патрабаванні Беларусі пра экстрадыцыю прадстаўнікоў дэмсілаў.

З тых часоў (ужо сёлета) на Ціханоўскую завялі прынамсі яшчэ адну крымінальную справу — за заклікі да санкцый (ч.3 арт. 361 КК РБ).

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі