Польшча можа пачаць эксгумацыю целаў у Курапатах

З 2012 года польскія ўлады вядуць перамовы з беларускім бокам, каб  правесці эксгумацыю целаў у Курапатах і ўсталяваць мемарыяльны знак. Мяркуецца, што там могуць заходзіцца парэшткі польскіх афіцэраў, расстраляных падчас сталінскіх рэпрэсій. Пра гэта ў інтэрв'ю Еўрарадыё распавёў гісторык Ігар Кузняцоў.

“Паслом Польшчы было заяўлена, што з праваслаўнай царквой і касцёлам на ўзроўні першых асоб дасягнутая дамоўленасць, што яны не супраць правядзення эксгумацыі ў Курапатах”, — кажа гісторык.

Але Ігар Кузняцоў адзначае, што гэта рабіць заўчасна, бо існуе верагоднасць, што ў Курапатах нічога могуць не знайсці.

“Правядзенне эксгумацыі менавіта ў Курапатах заўчасна. Я магу сказаць адно, што калі парэшткі там і былі, дык ўжо няма”, — тлумачыць эксперт.

І дадае, што 29 ліпеня на галоўнай алеі Курапатаў з гэтай нагоды а 18 гадзіне будзе праведзена прэс-канферэнцыя, дзе ён распавядзе, чаму правядзенне эксгумацыі не прынясе вынікаў польскаму боку.

Курапаты — лясны масіў на паўночнай ўскраіне Мінска, дзе былі выяўленыя масавыя пахаванні людзей, расстраляных НКВД у 1937—1941 гадах.
 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі