Польшча не плануе забараняць уезд аўтамабілям з беларускімі нумарамі
Аўтамабільная чарга на мяжы, ілюстрацыйнае фота
Польшча не плануе забараняць уезд легкавых аўто з беларускімі нумарамі. Пра гэта ў эфіры польскай радыёстанцыі Polskie Radio зранку 6 жніўня сказаў намеснік кіраўніка польскага МЗС Анджэй Шэйна, звярнуў увагу @motolkohelp.
"Мы не будзем блакаваць уезд легкавых аўто [з беларускімі нумарамі], хоць маглі б гэта зрабіць. Але мы аддзяляем рэжым ад грамадства, не хочам, каб санкцыі супраць прадстаўнікоў рэжыму закранулі простых грамадзян, якіх большасць", — падкрэсліў польскі дыпламат.
Як расказвала Еўрарадыё, раней пра гэта ж гаварыў міністр замежных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі ў гутарцы з Паўлам Латушкам.
Шэйна нагадаў, што вынікі прэзідэнцкіх выбараў 2020 года ў Беларусі былі сфальсіфікаваныя і не прызнаныя міжнароднай супольнасцю. "Гэта людзі, якія хацелі б жыць у дэмакратычнай краіне і быць часткай заходняга грамадства", — заявіў Шэйна.
У сярэдзіне ліпеня ўезд аўтамабіляў з беларускімі нумарамі забараніла Латвія. Следам за ёй пра такую ж меру паведаміла Літва — праўда, поўная забарона там адкладзеная да 16 жніўня. Пазней пра такую ж забарону заявіла і Эстонія.
Офіс Святланы Ціханоўскай звярнуўся да кіраўніцтва Польшчы і краін Балтыі з прапановамі па пропуску беларускіх аўто.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.