Праблемы беларускага кінематографа прывялі да “Дастыш Фантастыш”
Аўтарскае кіно Аляксандра Канановіча пакажуць у кінатэатрах, па тэлевізары і на DVD (Фота з прэс-канферэнцыі, прысвечанай выхаду фільма)
На 99 адсоткаў аўтарскую версію фільма “Дастыш Фантастыш” убачаць аматары новага беларускага кіно на прэм’еры кінастужкі 16-га красавіка ў кінатэатры “Кастрычнік”.
Незвычайную дагэтуль для Беларусьфільма творчую методыку выключэння выкарыстаў для здымак карціны малады рэжысёр Аляксандр Канановіч. Па яго словах, сутнасць методыкі заключаецца ў беспрынцыпнасці як прынцыпе існавання:
Аляксандр Канановіч: “Ёсць такі прынцып, як метад выключэння. Гэтым, дарэчы, карыстаўся Гадар. Як ён мантаваў? Ён збіраў матэрыял фільма, а потым выразаў непатрэбныя кавалкі. Выключаў кепскае, пакідаючы лепшае, нягледзячы на тое, што часам ў гэтым не было логікі. Мы паспрабавалі зрабіць падобнае ў адносінах да матэрыяла”.
Аляксандр Канановіч
Сцэнарый фільма “Дастыш Фантастыш” быў зроблены некалькі гадоў таму Аляксандрам Канановічам і Марыяй Можар, аднак шэраг прычын перашкаджаў рэжысёру пачаць працу над фільмам. Адна з іх – некамерцыйнасць задумы:
Аляксандр Канановіч: “Калі я прапаноўваў гэты матэрыял прадзюсерам у Расіі, яны адмаўляліся яго браць, упікаючы на некамерцыйнасць матэрыялу. Аўтарскае кіно ад камерцыйнага адрозніваецца чым? Тым, што аўтарскім ты забаўляеш сябе, а камерцыйным – публіку. Вядома, кожны аўтар хоча каб было і нашым і вашым. Не ведаю, што атрымалася ў нас”.
Прабелы і праблемы беларускага кінематографа прымусілі дырэктара Беларусьфільма Ўладзіміра Замяталіна звярнуцца да Аляксандра Канановіча з прапановай зняць незвычайную кінастужку для айчыннага кіно. У выніку атрымаўся эксцэнтрычны трылер з элементамі вадэвіля, у якім бяруць удзел выключна беларускія прафесійныя і непрафесіныя акцёры, якія, паводле “кінарыэлтара” Алега Гарбуза, радасна аддаліся ў рукі Канановіча.
Алег Гарбуз: “Мы насамрэч нават не надта разумелі, што ў Сашы было ў галаве падчас здымачнага працэсу… Неяк я яму аддаўся. Як ён казаў – так мы і рабілі. Дадзеная тактыка і стратэгія сябе апраўдала. Мы не былі заціснуты ў нейкія межы. У нас была поўная свабода і разуменне. У нас было маральнае яднанне”.
Алег Гарбуз
Актрыса Паліна Сыркіна, што сыграла Люсю – сястру галоўнага героя фільма, вясковую дзеўку, якая страшна хоча выйсці замуж, засталася ў захапленні ад ўдзелу ў стужцы.
Паліна Сыркіна: “Мне было цікава, таму што я такога ніколі не грала. Гэта было крута. Таму што ў мяне заўсёды такія лірычныя і драматычныя гераіні. А тут такі шчыры характар, шмат свабоды. Мне спадабалася”.
Выканаўцы галоўных роляў Паліна Сыркіна і Аляксандр Казела
Новае кіраўніцтва Беларусьфільма ўпершыню за сваю гісторыю паспрабавала больш шчыльна заняцца піярам незвычайнага для нашага кінематографа кінапрадукта.
Такім чынам, 16-га красавіка ў 17.00 ва ўсіх галоўных кінатэатрах усіх абласных гарадоў Беларусі пачнецца прэм’ерны паказ фільма “Дастыш Фантастыш”. Таксама Беларусьфільм падпісаў дамовы з беларускімі тэлеканаламі аб тэлетрансляцыі кінастужкі. Да таго ж, падпісана дамова аб рэалізацыі фільма ў Расіі. Аднак галоўным дасягненнем адзінай кінастудыі Беларусі стане выпуск DVD-версіі фільма, набыць якую можна будзе ў крамах кампаніі “Вігма” ужо з 1-га траўня.
Непрафесійны акцёр Аляксей Хацкевіч
Рэдактар фільма
Еўрарадыё пра "Дастыш Фантастыш":
Крамбамбуля на ружовым танку здымаецца ў новай карціне “Беларусьфільма"
Музыкі вырашылі дапамагчы беларускаму кінематографу