Прадстаўнікі місіі МВФ гаварылі з уладамі Беларусі пра рэформы
Група экспертаў завяршыла сваю працу ў нашай краіне. Яны заявілі, што перамовы з уладамі былі "канструктыўнымі".
У Беларусі завяршыла сваю працу місія Міжнароднага валютнага фонду пад кіраўніцтвам Дэвіда Хофмана. Эксперты працавалі з 8 ліпеня. Яны правялі сустрэчы з уладамі Беларусі.
БЕЛТА са спасылкай на прадстаўніцтва МВФ адзначае, што перамовы ў Мінску былі "канструктыўныя". З уладамі Беларусі абмяркоўваўся дасягнуты прагрэс "у рэалізацыі палітыкі і планаванні па найважнейшых накірунках, у тым ліку і ў галіне структурных рэформаў".
Як вядома, улады Беларусі спадзяюцца атрымаць ад МВФ новы крэдыт. Аднак фонд ставіць умовы, а сярод іх і неабходнасць правядзення рэформаў у беларускай эканоміцы. Прадстаўнікі МВФ дамовіліся з уладамі Беларусі, што дыялог будзе працягнуты, пытанні, якія разглядаліся, дапрацуюць, "каб забяспечыць падрыхтоўку праграмы".
Калі Міжнародны валютны фонд пабачыць, што сапраўды ў Беларусі "дасягнуты дастатковы прагрэс", тады яшчэ сёлета прыедзе місія для правядзення афіцыйных перамоваў.
Фота: Fotolia