Прадстаўнікі МЗС не з'явіліся на суд па справе экс-амбасадара Астапенкі

Прадстаўнікі МЗС не з'явіліся на суд па справе экс-амбасадара Астапенкі

У судзе Ленінскага раёна Мінска 23 снежня пачаўся суд па пазове экс-амбасадара Беларусі ў Аргенціне Уладзіміра Астапенкі да Міністэрства замежных спраў. Астапенка хоча праз суд змяніць фармулёўку прычыны звальнення. У яго напісана — "у сувязі з учыненнем правіны, несумяшчальнай са знаходжаннем на дыпламатычнай службе". Экс-дыпламат дамагаецца запісу "вызваленне ад пасады па патрабаванні работніка ў сувязі з парушэннем наймальнікам заканадаўства".

23 верасня, у дзень таемнай інаўгурацыі Аляксандра Лукашэнкі, Астапенка падаў заяву на звальненне, заявіўшы, што верыць "у лепшую будучыню для беларускага народа". 27 кастрычніка дыпламат адклікаў папярэднюю заяву і падаў новую: ён запатрабаваў звальнення ў сувязі з парушэннем наймальнікам заканадаўства (артыкул 41 Працоўнага кодэкса). 

Указ аб звальненні Астапенкі і пазбаўленні яго дыпламатычнага Лукашэнка падпісаў 3 лістапада. Фармулёўка звальнення — "у сувязі з учыненнем правіны, несумяшчальнай са знаходжаннем на дыпламатычнай службе". 

Цяпер Астапенка знаходзіцца ў Варшаве, яго інтарэсы ў судзе прадстаўляе адвакат Сяргей Зікрацкі, піша TUT.by. Адвакат падаваў хадайніцтвы, каб Астапенка мог выступіць у судзе па відэасувязі, але суддзя Вольга Шодар заявіла, што суд не мае такой тэхнічнай магчымасці. Калі Зікрацкі нагадаў, што ўсе суды Мінска абсталяваныя тэхнікай для відэасувязі, суддзя яшчэ раз паўтарыла, што такой тэхнічнай магчымасці няма.

Прадстаўнікі адказчыка — Міністэрства замежных спраў — у суд не з'явіліся. Аднак суддзя вырашыла, што працэс можна працягваць і без іх. 

Зікрацкі ў тлумачэннях суду нагадаў пра дзве заявы Астапенкі. Таксама ў судзе стала вядома, што пасля падачы заявы аб звальненні экс-дыпламат адмовіўся ўручаць даверчыя граматы прэзідэнту Перу — на знак нязгоды з палітыкай Беларусі. 

Адвакат паведаміў пра беспаспяховасць неаднаразовых спробаў даведацца, якую ж правіну здзейсніў Астапенка на пасады амбасадара. Зікрацкі нагадаў, што згожна з законам прапановы па прызначэнні або зняцці з пасады амбасадара ўносіць Саўмін, а прэзідэнт узгадняе кандыдатуры. Прадстаўнік Астапенкі заявіў хадайніцтва, каб суд запатрабаваў у Саўміне звесткі пра ўнясенне ім прапановы аб вызваленні Астапенкі з пасады амбасадара і звесткі пра ягоную правіну.

Калі суддзя адхіліла ўсе хадайніцтвы адваката, Зікрацкі заявіў адвод суддзі. На яго думку, адмова запатрабаваць дакументы, датычныя звальнення экс-дыпламата, "сведчаць пра тое, што суддзя асабіста, прама ці ўскосна, зацікаўлены ў выніку справы", што выклікае сумнеў у аб'ектыўнасці і бесстароннасці суддзі. 

Аднак суддзя не задаволіла адвод, заявіўшы, што хадайніцтва адваката 
грунтуецца на домыслах. 

Судовы працэс працягнецца 24 снежня.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі