Пракаповіч: Віна мая адна — што правялі разавую дэвальвацыю ў траўні 2011

Еўрарадыё: Калі нам чакаць чарговай дэвальвацыі і наколькі сур’ёзнай яна можа быць?



Пётр Пракаповіч: Думаю, што не дачакаецеся! Вы ж павінны глядзець, што адбываецца ў эканоміцы. Калі вы бачыце, а зараз усё празрыста, золатавалютныя рэзервы — 8 мільярдаў долараў, і з пачатку года не скараціліся ні на адзін цэнт, а мы з пачатку года, паралельна з гэтым, выплачваем усе даўгі знешнія і ўнутраныя, калі станоўчае сальда ў Нацыянальным банку — 1 мільярд долараў, то пра якую дэвальвацыю можна казаць?! Калі мы сёння на наступны год плануем, зараз праграму распрацоўваем, у тым ліку і па золатавалютных рэзервах нарасціць да 10 мільярдаў долараў, то якая дэвальвацыя? Вось, калі вы заўтра прачнецеся і ўбачыце, што ў Нацыянальнага банка не 8 мільярдаў, а 3 мільярды — тады так, ёсць перадумовы. А калі вы прачнуліся і сёння — 8,02, а паслязаўтра – 8,04, а далей – 8,01 мільярда, то спіце спакойна, нічога такога чакаць не трэба.



Еўрарадыё: Але склады прадпрыемстваў затавараныя, растваральна-разбаўляльны бізнес скончыўся…



Пётр Пракаповіч: А ў каго 1 мільярд долараў зараз Нацыянальны банк набыў? У прадпрыемстваў. І насельніцтва таксама прадала Нацыянальнаму банку каля 300 мільёнаў. Нацыянальны банк не можа ж набыць тое, чаго няма! Ён набывае тое, што зарабілі прадпрыемствы. Проста некаторым вельмі хочацца, каб у нас было ўсё дрэнна, хто настройвае насельніцтва, што заўтра яшчэ горш будзе. А паслязаўтра і ўвогуле — канец свету! Калі так думаць, то што застаецца рабіць? Браць прасціну і ісці на могілкі. Трэба на кожным працоўным месцы ствараць умовы для свайго прадпрыемства. Вось і вы думайце, каб на вашым прадпрыемстве ўсё было нармальна. Каб ваша прадпрыемства прадавала сваю прадукцыю альбо паслугі, каб ваша прадпрыемства зарабляла і яго супрацоўнікі ўжо сёння зараблялі 2 тысячы долараў, а не глядзелі на тое, што сусед атрымлівае 400 долараў.



Вы робіце ў сябе, мой сусед — у сябе, я — у сябе, і ўсё ў краіне будзе добра і выдатна. Палохаць адзін аднаго не трэба — трэба лепш працаваць. Тым больш што ў мовы ў нас зараз такія, якіх раней ніколі не было. І калі мы імі не скарыстаемся, не перабудуем нашу эканоміку, не зробім мадэрнізацыю, то проста будзе страчаная магчымасць, пра якую нашы дзеці будуць шкадаваць і казаць: “Вось, нашы бацькі не скарысталіся магчымасцю!” А момант які? Упершыню мы ў Адзінай эканамічнай прасторы, упершыню рэальна прынятае рашэнне аб стварэнні адзінага Еўразійскага эканамічнага саюза — да 1 студзеня 2015 года будуць знятыя ўсе перашкоды для працы на ўсёй прасторы трох краін. А калі яшчэ і Украіна даяднаецца!.. Гэта — 1/6 частка сушы і амаль 200 мільёнаў насельніцтва. Мы павінны скарыстацца момантам і па максімуме павялічыць нашу прысутнасць на гэтым рынку.



Упершыню, пачынаючы з 2012 года, няма росту коштаў на энергарэсурсы. А гэта азначае, што кошты не будуць расці ні ў гэтым, ні ў наступным годзе. Гэта таксама дае магчымасці вялікія. Гэта ж не нейкія капейкі — на 4 мільярды долараў менш мы плацім за энергарэсурсы. Карацей, магчымасці сёння для развіцця вельмі добрыя знешнія. Дзяржава стварыла ўмовы для таго, каб кожнае прадпрыемства і кожны грамадзянін мог зарабляць. Таму, трэба скарыстацца момантам.



Еўрарадыё: Нешта нашы дробныя прадпрымальнікі з рынкаў ужо не вельмі задаволеныя тым сюрпрызам, якія ім падараваў Мытны саюз…



Пётр Пракаповіч: Нешта вы не тое і не там чытаеце. Зайдзіце на рынак — што, ён закрыты, а прадпрымальнікі бастуюць?! У інтэрнэце кожны чалавек можа напісаць усё, што заўгодна! Так, прадпрымальнікі сёння не задаволеныя тым, што ўводзіцца сертыфікат на прадукцыю лёгкай прамысловасці і што трэба мець дакументы, калі ты нешта прадаеш. Але ж гэта — цывілізавана, ва ўсім свеце так робіцца. Як можна прадаваць тавар, які невядома адкуль узяўся? Гэта і пакупнік павінен ведаць. Гэта працэс, які будзе ісці празрыста — тут пытанняў няма ніякіх.



Еўрарадыё: Наконт дэвальвацыі вы супакойваеце, а я прыгадваю вашы словы: “Пакуль я кіраўнік Нацбанка — ніякай дэвальвацыі не будзе!” Вы ў 2011 годзе нешта не так зрабілі, не даглядзелі ці нехта іншы?



Пётр Пракаповіч: Ну, калі я да гэтага меў дачыненне, вінаваты ў гэтым, то я зараз і не старшыня Нацбанка. А віна мая была толькі адна: што пад маім кіраўніцтвам была зроблена разавая дэвальвацыя беларускага рубля ў траўні 2011 года. Можна было па другім варыянце: зрабіць гэта не за адзін дзень, а за месяц ці за два. Для людзей вынік быў бы адзін. Але з пункту гледжання стаўлення да мяне як да старшыні Нацбанка — яно вельмі негатыўнае з боку насельніцтва. Але мне не сорамна за сваю працу ў Нацыянальным банку! За тыя 15 гадоў. Тры першыя пяцігодкі мы пачыналі з заробкаў у 20 долараў, а завяршылі — 540 долараў. У 27 разоў за 15 гадоў. Штогод эканамічны рост быў 8-8,5%. Гэта другі паказчык у свеце. Але ж я разумею, што добрае хутка забываецца, а дрэннае доўга памятаюць! Гэта жыццё, нічога не зробіш — буду старацца выправіцца і больш памылак не дапускаць.



Еўрарадыё: Магчыма, ад вас там нічога і не залежыла?



Пётр Пракаповіч: Канешне! У эканоміцы ўсё пытанне. Калі мы не зарабляем сабе на жыццё і купляем больш, чым прадаём, то гэта пытанне… Таму зараз мы і павінны рабіць усё, каб прадаваць больш. Тады ў нас усё будзе стабільна, нармальна і ніякіх праблем не будзе з курсам нацыянальнай валюты.



Еўрарадыё: Дарэчы, пра курс: адны прагназуюць курс долара ў наступным годзе 9500, іншыя — звыш 13 тысяч. А які ваш прагноз?



Пётр Пракаповіч: Людзі, якія гэта абяцаюць, яны ж нічога і не робяць! Яны ж не працуюць ні на прадпрыемстве, ні ў банку. Хто гэта — нейкія эксперты незалежныя? Сёння, у залежнасці ад попыту і прапановы, вызначаецца курс. З пачатку года 1 мільярд долараў купілі, і не павінна было быць нават гэтай маленькай дэвальвацыі! Але ўлічваючы, што гэта штодзённы працэс: адзін дзень станоўчае сальда, а другі — адмоўнае, то і гэтыя ваганні ў 10, 20, 30, 40, 50 рублёў ідуць. Але ж калі браць цалкам, то сітуацыя стабільная. Бо станоўчае сальда!



І таму сказаць, што будзе з курсам ў наступным годзе: 1% ці 0,5% — гэта несур’ёзныя размовы. Тыя людзі, якія прадказваюць — варожаць на кававай гушчы. Вы скажаце, што заўтра будзе сонца, а я — што будзе дождж. Нехта з нас угадаў. Гэтак і яны. Каб рабіць нейкія такія заявы, неабходны вельмі дасканалы эканамічны разлік, які адзін чалавек не здольны зрабіць. Гэта павінен быць цэлы калектыў даследчы: каб усё прааналізаваць — што ў свеце будзе, якая сітуацыя, як развіваецца. Таму ўсе гэтыя прагнозы, асабліва, калі тычыцца справа такіх рэзкіх зменаў — 13, 20 тысяч за долар, то яны базуюцца ў лепшым выпадку на меркаванні аднаго чалавека.
А ў горшым — гэта адмысловая палітыка для таго, каб усхваляваць насельніцтва, каб насельніцтва панікавала, не давярала існуючай сістэме. Тут розныя падыходы ёсць — мы жывём у час высокіх тэхналогій, інфармацыі. Сёння можна любыя пытанні “ўкідваць” і мы вымушаныя іх разглядаць, бо яны агучаныя праз інтэрнэт і ўсе чытаюць.



Еўрарадыё: Пётр Пятровіч, вы сыходзілі з Нацбанка пасля складанай аперацыі на сэрцы. Як пачуваецеся зараз, ці хапае моцы?



Пракаповіч: Тады здароўе было крытычным. Дзякуй нашым медыкам — я пачуваюся лепш, чым пачуваўся да аперацыі. Галоўнае мець мэту. Адзін дзень я праводжу два-тры паседжанні, іншы дзень — выязджаю на месцы і займаюся нейкімі практычныя справамі. Працоўны дзень мінімум 12-14 гадзін. Але галоўнае ж — вынік.


 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі