Праваабаронцы: "парад" палонных украінцаў парушае Жэнеўскую канвенцыю

Па словах праваабаронцаў, якія перадае ВВС, гэтая акцыя парушае Жэнеўскую канвенцыю, якая патрабуе гуманнага і паважлівага стаўлення да ваеннапалонных. 

Нагадаем, што 24 жніўня прарасійскія баевікі правялі па цэнтры Данецка калону ўкраінскіх вайскоўцаў, узятых у палон. Такім чынам лідары так званай "Данецкай народнай рэспублікі" вырашылі адказаць на святкаванне Дня незалежнасці Украіны. 

На кадрах з Данецка відаць, як па цэнтры горада праходзіць калона з некалькіх дзясяткаў палонных у суправаджэнні узброеных сепаратыстаў. У гэты час натоўп на ўзбочыне скандуе: "Фашысты". За калонай праехалі палівальныя машыны. 

Па словах праваабаронцаў, такое абыходжанне з палоннымі непрымальна. Такое шэсце можа разглядацца як ваеннае злачынства, напісаў на сайце HRW прадстаўнік арганізацыі Оле Сольвенг. 

Тым часам ва ўкраінскім ўрадзе сумняюцца, што людзі, праведзеныя пад канвоем па вуліцах Данецка, насамрэч палонныя салдаты. Дарадца міністра ўнутраных спраў Украіны Антон Герашчанка не выключае, што акрамя палонных у шэсці былі і "статысты, узятыя з бліжэйшай калоніі". 

Фота — АР

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі