Праверку па факце смерці цяжкаатлета ў “Стайках” прызналі незаконнай
Следчы камітэт будзе высвятляць, чаму міліцыя не распачала крымінальную справу.
Следчы камітэт правядзе дадатковую праверку па факце смерці цяжкаатлета Яўгена Шрамко ў алімпійскім комплексе “Стайкі”. Хоць першапачаткова праверку праводзіў Мачулішчанскі аддзел міліцыі, і крымінальная справа заведзеная не была. Як паведамілі Еўрарадыё ў Пракуратуры Мінскага раёна, гэту праверку прызналі незаконнай.
“З Мінскага РУУС запатрабаваны матэрыялы №134-2013 Мачулішчанскага АМ Мінскага РУУС, ― паведамляюць у пракуратуры Мінскага раёна Еўрарадыё. ― У выніку іх вывучэння было ўстаноўлена, што пастанова аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальнай справы з’яўляецца незаконнай, у сувязі з чым была адмененая. Матэрыялы адпраўленыя кіраўніку Мінскага раённага аддзела Следчага камітэта для арганізацыі правядзення дадатковай праверкі”.
Яўгену Шрамко было 19, ён марыў прабіцца на Чэмпіянат Еўропы па цяжкай атлетыцы і напорыста імкнуўся да сваёй мары. Але памёр падчас трэніровачных збораў у “Стайках”.
Праверку па факце смерці праводзіў Мачулішчанскі аддзел міліцыі Мінскага РУУС. Крымінальную справу не распачалі. Аднак у гісторыі смерці перспектыўнага цяжкаатлета хапала абуральных акалічнасцяў.
Яўген Шрамко перастаў выходзіць на сувязь з асабістым трэнерам (той напісаў Яўгену праграму і пакінуў трэніравацца з беларускімі зборнікамі), мамай і сябрам у пятніцу 22-га лютага. Калі сваякі і трэнер спахапіліся, Жэню знайшлі ў нумары спартовага гатэля нежывым.
Як стала вядома Еўрарадыё, у сераду 20 лютага цяжкаатлет напісаў паведамленне свайму блізкаму сябру: “Учора ціск быў 170 на 100, галава кружылася горш няма куды, ну вельмі”.
Па словах блізкіх Яўгена, усе магчымыя медагляды заўжды канстатавалі ідэальнае здароўе. Маці цяжкаатлета, Наталля Аляксандраўна, перадала журналісту Еўрарадыё апошнюю скаргу сына: “Жэня ў сераду пайшоў у медпункт і паскардзіўся ўрачу на боль у спіне. Яму зрабілі здымак і сказалі, што ўсё ў норме. Далі, як сказаў сын, жменю таблетак. Кардыяграму не зрабілі, на ціск належнай увагі не звярнулі…”
У асяроддзі спартовых медыкаў ходзіць меркаванне, што Яўген Шрамко меў сардэчную паталогію, якую складана выявіць падчас медаглядаў. Але хлопец паскардзіўся на пагаршэнне свайго стану загадзя.