Прэмію імя Алеся Адамовіча атрымаў Аляксандр Лукашук
Сёлетнім лаўрэатам прэміі імя Алеся Адамовіча стаў дырэктар Беларускай службы Радыё "Свабода" Аляксандр Лукашук. Узнагароду ён атрымаў за стварэнне кніжнай серыі "Бібліятэка Свабоды", а таксама за выданне кніг "Прыгоды АРА ў Беларусі" (2005) і "След матылька" (2011).
Дачка Алеся Адамовіча Наталля прынесла на цырымонію ўганаравання радыёпрымач, па якім бацька слухаў Радыё "Свабода" і "Голас Амерыкі". Таксама яна прыгадала, што Аляксандр Лукашук узяў апошняе інтэрв'ю ў Алеся Адамовіча ў Маскве.
Прэмія імя Алеся Адамовіча заснаваная Беларускім ПЭН-цэнтрам і сродкамі масавай інфамацыі ў 1995 годзе. Першым старшынёй журы быў Народны пісьменнік Беларусі Васіль Быкаў. Сёлета прэмія ўручалася 17-ы раз.
Летась лаўрэатам прэміі быў журналіст Радыё "Свабода" Зміцер Бартосік за кнігу "Быў у пана верабейка гаварушчы".