Прэзентацыя на Еўрарадыё: 5 песень з новага альбома “Крамы” “Белая вада”
У тым ліку, песні, з-за якіх на 5 гадоў спынілася студыйная праца. Цяпер музыкі называюць іх лепшымі на дыску (слухаць).
Легендарны гурт “Крама” прэзентуе на Еўрарадыё пяць песень з новага альбома “Белая вада”. Канцэртная прэзентацыя дыска адбудзецца 28 лістапада ў Палацы культуры Чыгуначнікаў (вул. Чкалава, 7), а ў продажы ён з’явіцца на днях.
“Менавіта на песнях “Белая вада” і “Колькі дарог” мы спынілі працу над альбомам, — распавядае лідар гурта Ігар Варашкевіч. — Атрымалася, што палова дыска была запісана ў 2009 годзе, а другая палова фактычна праз пяць гадоў. Але гэта ўжо засталося ў мінулым, а тады на рэпетыцыях у нас з Сержуком Трухановічам узніклі, так бы мовіць, творчыя непаразуменні. Нягледзячы на гэта, у выніку атрымалася так, што гэтыя песні я лічу сваімі любімымі і самымі ўдалымі трэкамі на альбоме”.
На песню “Дзяўчынка са шклянымі вачамі” яшчэ ў ліпені “Крама” зняла кліп, які самі музыкі назвалі “першым відэа гурта, да здымак якога падышлі адказна і прафесійна”. “Дзякуй богу, але ж мы ідзем дамоў” таксама ўжо добра вядомая наведвальнікам канцэртаў калектыву, але пакуль не выдавалася.
“Я заўсёды хацеў зрабіць такі дарожны альбом, — каментуе агульную тэматыку амаль усіх песень “Белай вады” лідар гурта. — Але неяк не атрымлівалася, былі толькі асобныя песні. А я вельмі люблю дарогу і гэтая тэматыка мне вельмі блізкая”.
Па словах Ігара Варашкевіча, усе 10 трэкаў альбома “Белая вада” былі напісаныя даўно. Напрыклад, трэк “Твой накірунак”, які таксама вельмі падабаецца музыку, чакаў свайго часу з 1995 года. Нагадаем, раней лідар гурта называў альбом лепшым у дыскаграфіі “Крамы”. Дыск выдадзены на лэйбле БМАgroup.
У дзень канцэртнай прэзентацыі (28 лістапада) Еўрарадыё прадставіць астатнія пяць песень альбома "Белая вада". Квіткі на выступ "Крамы" ў ПК Чыгуначнікаў каштуюць 120 000–280 000. Даведкі па тэлефоне: (29)6490888, (29)8517706.
- Трэк-ліст “Белая вада”:
- 01 – Песня для сяброў
- 02 – Колькі дарог
- 03 – Белая вада
- 04 – Шлях праз багну
- 05 – Вышэй за дахі
- 06 – Дзяўчынка са шклянымі вачыма
- 07 – З новым годам
- 08 – Твой накірунак
- 09 – Сумны брат
- 10 – Дзякуй Богу, але ж мы ідзем дамоў
- У запісе бралі ўдзел:
- Андрэй Цераховіч – барабаны (1-3, 8, 9)
- Аляксандр Сапега – барабаны (4-7, 10)
- Аляксандр Ванькевіч – бас-гітара, бэк-вакал (1-8, 10)
- Сяржук Трухановіч – гітара (1-10), акустычная гітара (1)
- Андрэй Лявончык – клавішныя, бэк-вакал (1-8, 10)
- Ігар Варашкевіч – лідар-вакал (1-10), акустычная гітара (2, 9, 10), гітара (4, 5), гармонік (1, 3, 9, 10)
- Тэксты песень:
- Наста Гулак (1)
- Зміцер Лукашук (2, 3, 5, 7-10)
- Наста Гулак, Ігар Варашкевіч (4)
- Зміцер Лукашук, Ігар Варашкевіч (6)
- Музыка:
- Ігар Варашкевіч (2, 4, 5, 8, 10)
- Ігар Варашкевіч, Сяржук Трухановіч (1, 3, 6, 7, 9)
- Аранжыроўка:
- Гурт “Крама” (1, 6, 7)
- Сяржук Трухановіч (4, 9, 10)
- Ігар Варашкевіч, Сяржук Трухановіч (5, 8)
- Сяржук Трухановіч, Андрэй Цераховіч (2)
- Сяржук Трухановіч, Андрэй Лявончык (3)