Прэзентацыя на Еўрарадыё: “Паверыць сабе” ад гурта Sciana (відэа, аўдыё)
Брэсцкія рокеры запісалі трэк-адлюстраванне ўласнага немузычнага жыцця і знялі ролік да яго.
Брэсцкі гурт Sciana прэзентуе на “Еўрарадыё” песню з будучага ЕР. Трэк атрымаў назву “Паверыць сабе” і распавядае пра тое, што ўсе праблемы — у нашых галовах, яны больш надуманыя, чым рэальныя. Прычым, новая песня стала абсалютным адлюстраваннем немузычнага жыцця ўсіх удзельнікаў калектыву.
“Атрымалася, што песня нарадзілася менавіта падчас зменаў жыццёвых напрамкаў, — кажа дырэктар “Сцяны” Зміцер Назараў. — Гэтая тэма доўга лунала над намі, і ў выніку пераўтварылася ў песню. Цяпер мы самі сабе нагадваем, што праблемамі не варта пераймацца больш, чым яны сапраўды важаць. Змены некаторых накірункаў жыцця музыкаў, натуральна, будуць адлюстроўвацца і ў далейшых тэкстах, і ў музыцы... Гурт Sciana сталее, сёлета ўжо будзем святкаваць 15-годдзе”.
У дадатак да песні музыкі знялі ролік, у якім вакаліст гурта Павел Прохараў больш шырока агучвае асноўную думку новай песні.
Пачуць жывое выкананне “Паверыць сабе” можна ўжо сёння (23 траўня) на фестывалі “Дзень Радыё” ў мінскім клубе Re:Public. “Сцяна” падрыхтавала адмысловую вельмі моцную праграму, таму раіць усім апранаць шлейкі і рыхтавацца да слэма “як у апошні раз”.
Таксама на “Дне радыё” выступяць гурты Akute, Nizkiz, :B:N: ды “Тлушч”, кожны з якіх падрыхтаваў уласныя прэм’еры і сюрпрызы.
- Пачатак у 18:00
- Квіткі каштуюць 150 тыс.
- Даведкі па тэлефоне +375(29)6490888