Прэзентацыя на Еўрарадыё: Сінгл “Damage” ад Chiefs Band (слухаць)
Неўзабаве музыкі праілюструюць кампазіцыю з будучага альбома кліпам.
Chiefs Band прадстаўляюць на Еўрарадыё сінгл-анонс новай пласцінкі. На стварэнне “Damage” музыкаў натхніў амерыканскі праект The Winery Dogs.
“Гэтую песню нельга назваць толькі каверам, бо мы цалкам яе змянілі — напісалі свой тэкст і аранжыроўку, дадалі духавую секцыю. Песня спяваецца па-беларуску, тэкст да яе напісаў я, — тлумачыць лідар каманды Алесь-Францішак Мышкевіч. — Сама кампазіцыя нам вельмі падабаецца, у ёй нам хацелася перадаць настрой і новае гучанне гурта Chiefs Band”.
У якасці вакалісткі ў “Damage” выступіла спявачка Каця Худзінец. “Але, хутчэй за ўсё, у новым альбоме Chiefs Band будзе не адзін, і нават не тры вакалісты!” — інтрыгуе Алесь.
Што тычыцца канцэпцыі новага лонгплэя, гэта будзе разнастайны альбом: знойдзецца месца для фанкавых, “прыракешненых” а таксама джазавых кампазіцый. Плануецца, што ў яго ўвойдзе 8 кампазіцый. Праз некалькі тыдняў гурт прадставіць другую кампазіцыю з будучага альбома.
“Мы плануем выкладаць увесь альбом патрэкава. То бок, да таго моманту, як выйдзе сам альбом, слухачы ўжо паслухаюць усе песні з яго”.
Цяпер гурт працуе над здымкамі відэа да кампазіцыі “Damage”, якое плануе прэзентаваць у гэтым месяцы.