Прэзідэнцкі нумар у гатэлі “Пекін” будзе каштаваць $2100 за ноч

Еўрарадыё даведалася, колькі будуць каштаваць нумары кітайскага пяцізоркавага гатэля, які будуецца ў мінскім парку 40-годдзя Кастрычніка.



“Стандартны нумар: 35-37 квадратных метраў з шырокім ложкам — як мы кажам, па рэку [rack rate — поўны кошт, без зніжак. — Еўрарадыё] — каштуе 280 долараў. Больш дарагія нумары каштуюць ад 330 да 650 долараў за ноч, — распавядае Еўрарадыё Сяргей Уладыка, намеснік дырэктара гасцініцы “Пекін”. — Прэзідэнцкі нумар у нас называецца Beijing Suit. Яго плошча — прыкладна 500 квадратных метраў, а рэкаўскі кошт — 2100 долараў за ноч”.



На час чэмпіянату свету стандартны нумар падаражэе на 30 долараў. А вось кошт прэзідэнцкіх апартаментаў не зменіцца.



Для параўнання, presidential suite у нядаўна адкрытым “Прэзідэнт-гатэлі” каштуе 2430 долараў. У Crowne Plaza кошт прэзідэнцкага нумару вар’іруецца ў залежнасці ад даты. Па працоўных днях ён каштуе 1000 еўра (~1380 долараў), па выходных — 800 еўра (~1105 долараў). У гатэлі “Мінск” прэзідэнцкі нумар каштуе 880 долараў за ноч. У гасцініцы “Вікторыя” трохпакаёвыя апартаменты каштуюць 7 680 000 рублёў (~800 долараў).



Нагадаем, гатэль “Пекін” мусіць адкрыцца ў сярэдзіне красавіка, каб у траўні прыняць удзельнікаў і гледачоў чэмпіянату свету па хакеі. Гасцініца актыўна будуецца. Прадстаўнік падрадчыка паведаміў Еўрарадыё, што звонку гатэля аддзелка скончаная і цяпер вядуцца аздобныя працы ўнутры.



Фота — ctv.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі