Просьба аб экстрадыцыі Валерыя Цапкала павінна быць адхіленая — МЗС Латвіі

Валерый Цапкала / Еўрарадиё
Валерый Цапкала / Еўрарадиё

Патрабаванне беларускіх уладаў аб экстрадыцыі Валерыя Цапкалы павінна быць адхілена, заявіў заявіў міністр замежных спраў Латвіі Эдгарс Рынкевічс.

У аўторак 8 лютага стала вядома, што праваахоўныя органы Беларусі маюць намер дамагацца экстрадыцыі Цапкалы ў Беларусь. Следчы камітэт краіны ўжо накіраваў у Генпракуратуру дакументы для падрыхтоўкі запыту. Цапкала абвінавачваюць "па шэрагу карупцыйных злачынстваў і атрыманні хабараў у асабліва буйным памеры".

"Разглядаю просьбу рэжыму Лукашэнкі аб экстрадыцыі беларускага апазыцыйнага палітыка Валерыя Цапкалы як непрыкрытую спробу помсты, патрабаванне павінна быць адхілена",напісаў Рынкевічс на сваёй старонцы ў Twitter.

Кіраўнік МЗС Латвіі таксама адзначыў, што па латвійскім заканадаўстве рашэнне аб экстрадыцыі прымаюць кампетэнтныя праваахоўныя органы пасля ацэнкі ўсіх аспектаў справы.

Былы дырэктар Парку высокіх тэхналогій Валерый Цапкала планаваў удзельнічаць у прэзідэнцкіх выбарах 9 жніўня, але не быў зарэгістраваны кандыдатам у прэзідэнты. З-за пагрозы арышту 23 ліпеня 2020 года ён з'ехаў з краіны, забраўшы з сабой дзяцей. Ягоная жонка Вераніка Цапкала засталася ў Беларусі і брала актыўны ўдзел разам з Марыяй Калеснікавай у перадвыбарнай кампаніі Святланы Ціханоўскай. Аднак напярэдадні асноўнага дня галасавання яна таксама пакінула краіну.

Напярэдадні ў эфіры Еўрарадыё Валерый Цапкала каментаваў намеры беларускіх уладаў дамагацца яго экстрадыцыі. Палітык прызнаўся, што сустрэў гэтую навіну з пэўнай доляй іроніі.

Раней Следчы камітэт паведамляў, што праз генпракурора адправіў у Польшчу дакументы на экстрадыцыю Сцяпана Пуціла і Рамана Пратасевіча, стваральніка і былога галоўнага рэдактара тэлеграм-канала, прызнанага ў Беларусі экстрэмісцкім.

Дакументы ўжо ў польскай пракуратуры, і знаходзяцца на разглядзе. Праўда Пратасевіч, па яго словах, ужо каля 5 месяцаў жыве ў іншай краіне.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі