Такія сёння асацыяцыі з Радзімай: СіРОП выдаў кавер на палітычны хіт ДДТ
Рэпер СіРОП падчас здымак кліпа / Марыя Вайтовіч, Еўрарадыё
Рэпер Аляксей "СіРОП" Загорын выпусціў кліп на кавер ДДТ "Радзіма". У ім музыка ходзіць па Мінску ў вобразе смерці з касой, таксама ў роліку выкарыстаны кадры цяперашніх і мінулых пратэстаў.
"Пасля выхаду песні мы не думалі ні пра якое відэа, — прызнаецца СіРОП ў размове з Еўрарадыё. — Але зараз у мяне ёсць ўстойлівае адчуванне, што з адной няволі я трапіў у іншую, таму мы вырашылі зрабіць ролік ў кантэксце падзей, які зараз адбываюцца на маёй Радзіме. Песня ў спалучэнні з цяперашнімі падзеямі ў Беларусі зайграла новымі фарбамі. COVID-19, парады, пасадка кандыдатаў у прэзідэнты, хапуны на вуліцах Мінска — пры слове "Радзіма"на сённяшні дзень узнікаюць менавіта такія асацыяцыі".
Рэжысёркай кліпа выступіла Хрысціна Кляшторная — праўнучка рэпрэсаванага паэта Тодара Кляшторнага. Падчас здымак відэа, якія праходзілі на наступны дзень пасля чарговага разгону мірных пратэстаў у Мінску, інцыдэнтаў не было.
СіРОП — былы саксафаніст "Ляпісаў", а яшчэ былы зэк з дзесяццю судзімасцямі. Два гады таму завязаў з мінулым і ў сакавіку 2020-га выпусціў дэбютны альбом "Страшыла".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.