Прынятае адзінагалоснае рашэнне не дапускаць легкаатлетаў Расіі на Алімпіяду
Савет Міжнароднай асацыяцыі лёгкаатлетычных федэрацый (ІААФ) адзінагалосна прыняў рашэнне пакінуць у сіле дыскваліфікацыю Усерасійскай федэрацыі лёгкай атлетыкі з-за недатрымання крытэрыеў аднаўлення чаленства.
Паводле інфармацыі ВВС, гэта азначае, што на дадзены момант расійскія атлеты не дапушчаныя да ўдзелу ў Алімпійскіх гульнях-2016, але пры гэтым Міжнародны алімпійскі камітэт на пасяджэнні арганізацыі 21 чэрвеня мае права дапусціць іх да ўдзелу ў Алімпіядзе ў Рыа-дэ-Жанейра.
Міністэрства спорту Расіі выказала расчараванне рашэннем ІААФ аб працягу дыскваліфікацыі. У заяве ведамства гаворыцца, што мара многіх спартсменаў аб удзелу ў Алімпіядзе знішчаная з-за няправільных паводзінаў асобных атлетаў, трэнераў і спецыялістаў.
Прычынай дыскваліфікацыі расійскіх лёгкаатлетаў стала чарада допінгавых скандалаў, якія разгарэліся пасля расследавання Сусветнага допінгавага агенцтва. 13 лістапада мінулага года расіянам забаранілі ўдзел у любых міжнародных спаборніцтвах пад эгідай ІААФ.