Пытанні і адказы: Як у Беларусі будуць абмяжоўваць доступ да сайтаў

Ад 26 лютага набывае моц "Палажэнне аб парадку абмежавання доступу да інфармацыйных рэсурсаў (іх складовых частак), размешчаных у глабальнай камп'ютарнай сетцы Інтэрнэт". Дакумент прынялі Аператыўна-аналітычны цэнтр пры Адміністрацыі прэзідэнта і Мінсувязі па ўзгадненні з Мінінфармацыі. Еўрарадыё прачытала пастанову ААЦ аб парадку абмежавання доступу да сайтаў і знайшло там адказы на некаторыя пытанні.

За што абмяжоўваюць доступ?

За два і больш пісьмовыя папярэджанні Мінінфарма на працягу года. Рашэнне пра ўключэнне сайта ў спіс абмежаванага доступу прымае Мінінфармацыі.

За размяшчэнне інфармацыі, якая накіраваная на незаконны абарот наркотыкаў або забароненая законамі ці рашэннем суда.

Калі сайт не выканаў патрабаванне дзяржооргана аб ліквідацыі парушэнняў закона аб СМІ.

Каго могуць закрыць?

Сайт, старонку сайта, вэб-партал, форум, блог, чат, дастасаванне для мабільнага прылады, проксі-серверы, ананімныя сеткі кшталту Tor і іншыя рэсурсы, якія маюць доступ у інтэрнэт.

Каму абмежаваныя сайты стануць недаступныя?

Практычна ўсім. Дзяржорганам, юрыдычным асобам, арганізацыям, фізічным асобам, ІП.

Каму доступ будзе адкрыты?

Мінінфармацыі, Мінсувязі, органам, якія ажыццяўляюць аператыўна-вышуковую дзейнасць, пракуратуры і органам папярэдняга следства, КДК, падатковым органам, судам, Дзяржінспекцыі па электрасувязі і іншым арганізацыям, якія вызначыць Мінінфарм.

Ці будуць папярэджваць уладальнікаў сайтаў?

Толькі тых, рэсурсы якіх знаходзяцца ў Беларусі.

Як надоўга абмяжоўваецца доступ?

Пасля прыняцця рашэння Мінінфарм цягам 3 дзён накіроўвае копію рашэння для ўключэння сайта ў спіс. Цягам сутак правайдары павінныя абмежаваць доступ да сайта.

Ці можна адкрыць доступ да сайтаў?

Уладальнік сайта можа звярнуцца ў Мінінфарм з такой просьбай. Месяц Мінінфарм правярае, ці ліквідаваў сайт парушэнні. Калі так, то доступ могуць аднавіць. Правайдар пасля атрымання адпаведнага ліста ад Мінінфарма павінен аднавіць доступ да сайта цягам сутак.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі