Расія адпрацоўвала пускі ракет па Германіі і Польшчы з Беларусі — ГУР Украіны

Расіяне самаўпэўнена лічаць, што "Кінжалы" збіць немагчыма / Ілюстрацыйнае фота Мінабароны РФ
Расіяне самаўпэўнена лічаць, што "Кінжалы" збіць немагчыма / Ілюстрацыйнае фота Мінабароны РФ

Расія адпрацоўвала пускі ракет па Германіі і Польшчы з Беларусі. Пра гэта ў інтэрв'ю rbc.ua заявіў намеснік начальніка Галоўнага ўпраўлення разведкі Мінабароны Украіны Вадзім Скібіцкі. Паводле яго слоў, ГУР неаднаразова фіксаваў падобныя "трэніроўкі" з удзелам МіГ-31К, на ўзбраенні якіх ёсць гіпергукавыя ракеты "Кінжал".

У Кіеве мяркуюць, што гэта "адзін з элементаў шантажу і ціску на міжнародную супольнасць". Масква спадзяецца прымусіць Захад абмежаваць ці ўвогуле спыніць падтрымку з яго боку Украіны. Скібіцкі падкрэслівае: расіяне лічаць, што "Кінжалы" збіць немагчыма, але "найноўшыя сістэмы заходняга ўзору" дазваляюць гэта зрабіць.

Калі РФ праводзіла ў РБ згаданыя трэніроўкі, адзін з кіраўнікоў ГУР Украіны не ўдакладніў. Вадзім Скібіцкі кажа, што яшчэ адзін элемент ціску на Захад, на Украіну з боку Расіі — тактычная ядзерная зброя ў Беларусі. "Расія вельмі актыўна будзе і далей выкарыстоўваць гэтую тэматыку", — адзначае ён.

Дарэчы, днямі ў Кіеве заявілі, што Украіна пакуль не мае доказаў таго, што Расія ўжо размясціла сваю ядзерную зброю ў Беларусі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі