Расійскія адвакаты могуць працаваць у беларускіх судах?

Расіяніну Уладзіславу Баумгертнеру далі беларускага адваката, бо яго расійскія абаронцы нібыта не маюць права прадстаўляць інтарэсы на тэрыторыі нашай краіны. У той жа час адвакат з Санкт-Пецярбурга Сяргей Галубок стварае прэцэдэнт і абараняе інтарэсы Любові Кавалёвай у беларускім судзе.
 
Еўрарадыё вырашыла даведацца, ці могуць замежныя адвакаты абараняць людзей у беларускіх судах.
 
"З Расіяй у нас пагаднення няма", — адказваюць у юрыдычнай кансультацыі. Аказваецца, адзіная краіна з якой ёсць пагадненне, гэта… Літва. У далёкіх 1990-х за часамі разгулу дэмакратыі яго паспелі падпісаць.
 
"Ёсць дамова з Літвой, і гэта адзіная наўпроставая дамова аб ажыццяўленні адвакацкай дапамогі ў судах", — кажа юрыст Lawtrend Дар'я Каткоўская.
 
Больш за тое, нават былі выпадкі, каб беларусы карысталіся літоўскімі адвакатамі. Але не шмат. Каб беларускія абаронцы працавалі ў Літве, Еўрарадыё такога невядома.
 
"Магчыма, з тэхнічных прычынаў. Літоўскія адвакаты дарагія, а беларусам трэба ведаць літоўскую", — тлумачыць юрыст Павел Сапелка.
 
А з Расіяй такога пагаднення сапраўды няма! Здавалася б, Саюзная дзяржава, але адвакаты лічацца замежнымі. Але як тады расійскі адвакат працуе тут?
 
"Калегі сталі вывучаць пытанне, як узніклі складанасці, каб нехта прадстаўляў Любоў Кавалёву. Тыя адвакаты, да каго звярталіся, з асцярогай успрымалі прапанову", — кажа праваабаронца Раман Кісляк.
 
У абгрунтаванні наконт удзелу у працэсе расійскага адваката два дзясяткі пунктаў. У тым ліку 62-ы артыкул Канстытуцыі і саюзнае пагадненне. Таксама пагадненне аб роўных правах грамадзян ад 1998 года і "Мінская канвенцыя" аб прававой дапамозе па грамадзянскіх і крымінальных справах, якая дае грамадзянам роўныя правы ў судах. Самы вырашальны дакумент пачаў дзейнічаць з 2012 года — пагадненне "Аб гандлі паслугамі і інвестыцыях у дзяржавах Адзінай эканамічнай прасторы”.
 
Паводле слоў праваабаронцы Рамана Кісляка, гэтым пагадненнем прадстаўнікам паслуг з Расіі павінны давацца такія ж умовы, як сваім. А таксама ўмовы не меншыя, чым іншым краінам. То бок, расійскія адвакаты мусяць мець не меншыя правы, чым літоўскія.
 
 
1. Пагадненне аб гандлі паслугамі і інвестыцыях у дзяржавах-удзельніцах Адзінай эканамічнай прасторы, якое было падпісанае ў Маскве 9 снежня 2010 года і набыло моц з 1 студзеня 2012 года:
 
 
Згодна з п.1 арт.3 і п.1 арт.9 гэтага Пагаднення кожны Бок (у тым ліку Рэспубліка Беларусь) прадастаўляе асобам любога іншага Боку (у тым ліку Расійскай Федэрацыі) і пастаўшчыкам паслуг у адносінах да сваёй дзейнасці рэжым не менш спрыяльны за рэжым, які прадстаўляецца пры аналагічных акалічнасцях сваім уласным асобам на сваёй тэрыторыі ("нацыянальны рэжым").
 
 
Акрамя таго, згодна з п.2 арт.3 і п.2 арт.9 дадзенага Пагаднення кожны Бок (у тым ліку Рэспубліка Беларусь) прадастаўляе пры аналагічных акалічнасцях асобам любога іншага Боку ў адносінах да дзейнасці на сваёй тэрыторыі рэжым не менш спрыяльны за рэжым, які прадастаўляецца асобам дзяржаваў, якія не з'яўляюцца ўдзельнікамі Пагаднення ("рэжым найбольшага спрыяння").
 
 
Такім чынам, адвакаты Расійскай Федэрацыі павінны мець пры дзейнасці на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь і прадстаўніцтве ў судах Рэспублікі Беларусь грамадзян Рэспублікі Беларусь рэжым не менш спрыяльны, чым адвакаты Літвы, гэта значыць мець магчымасць прадстаўляць грамадзян Рэспублікі Беларусь у судах Рэспублікі Беларусь на падставе дамоўленасці без дадатковых умоваў і абмежаванняў.
 
 
2. Дагавор паміж Рэспублікай Беларусь і Расійскай Федэрацыяй аб роўных правах грамадзян ад 25.12.2998 года. Дагаворныя Бакі забяспечваюць грамадзянам Беларусі і Расіі роўныя правы на працаўладкаванне, аплату працы і прадастаўленне іншых сацыяльна-прававых гарантый.
 
3. Міжнародным дагаворам Рэспублікі Беларусь, які дазваляе быць прадстаўніком расійскаму адвакату, з'яўляецца, у тым ліку, Канвенцыя аб прававой дапамозе і прававых адносінах па грамадзянскіх, сямейных і крымінальных справах (падпісаная ў Мінску 22.01.1993, у рэд. ад 28.03.1997). Канвенцыя ўжываецца ў адносінах з Расійскай Федэрацыяй, паколькі для яе Канвенцыя аб прававой дапамозе і прававых адносінах па грамадзянскіх, сямейных і крымінальных справах ад 07.10.2002 не набыла моц.
 
 
Згодна з пунктам 2 артыкула 1 Канвенцыі "грамадзяне кожнага з Дагаворных Бакоў, ... маюць права свабодна і бесперашкодна звяртацца ў суды... іншых Дагаворных Бакоў, да кампетэнцыі якіх адносяцца грамадзянскія... справы, могуць выступаць у іх [у судах]… і ажыццяўляць іншыя працэсуальныя дзеянні на тых жа ўмовах, што і грамадзяне дадзенага Дагаворнага Боку".
 
 
Фота: websmi.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі