“Рэпарцёры без межаў”: Масавая блакіроўка сайтаў у Беларусі незаконная
Праваабарончая арганізацыя канстатуе яшчэ большае абмежаванне свабоды СМІ ў нашай краіне.
Арганізацыя “Рэпарцёры без межаў” распаўсюдзіла заяву з нагоды масавай блакіроўкі інфармацыйных сайтаў у Беларусі. Аўтары дакумента падкрэсліваюць, што большасць незалежных інтэрнэт-рэсурсаў былі перакрытыя 19 і 20 снежня — неўзабаве пасля таго, як міністр інфармацыі Лілія Ананіч папрасіла беларускія СМІ прытрымлівацца афіцыйнай лініі ў асвятленні падзеяў, якія адбываліcя ў фінансавай сферы.
“Гэтая масавая блакіроўка без нейкага тлумачэння з боку дзяржавы і ў несудовым парадку з’яўляецца незаконнай і неабгрунтаванай, — заявіў Ёхан Бір, кіраўнік аддзялення “Рэпарцёраў без межаў” ва Усходняй Еўропе і Цэнтральнай Азіі. — Цэнзура грамадскай дыскусіі не палепшыць эканамічную сітуацыю і не дапаможа развеяць магчымю паніку. Зусім наадварот. Мы заклікаем улады узяць на сябе адказнасць за свае дзеянні. Патрэба грамадскасці ў атрыманні інфармацыі з заблакаваных сайтаў у часе крызісу болей, чым калі-небудзь. Доступ да іх павінен быць адноўлены неадкладна”.
Арганізацыя нагадвае, што незалежныя інтэрнэт-рэсурсы charter97.org, “Беларускі партызан” і “Салідарнасць” былі заблакаваныя 19 снежня “Белтэлекамам” — дзяржаўнай тэлекамунікацыйнай кампаніяй, якая з’яўляецца манапалістам на рынку шырокапалоснага доступу ў Інтэрнэт. Рэсурсы udf.by, zautra.by, 21.by і тры вэб-сайты інфармацыйнага агенцтва БелаПАН сталі недаступнымі на настпны дзень з-за артыкулаў з крытыкай эканамічнай палітыкі ўраду краіны, паведамляе сайт charter97.org, які цяпер даступны ў Беларусі толькі праз ананімайзеры.