Абвешчана прэмія “Дэбют” імя Максіма Багдановіча
Яе арганізатары — Беларускі ПЭН-цэнтр і Саюз Беларускіх пісьменнікаў.
Прэмія прысуджаецца за найлепшую дэбютную кнігу маладога аўтара (да 35 гадоў), выдадзеную ў мінулым, 2012 годзе. Прэмія мае тры намінацыі — “Паэзія”, “Проза” і “Мастацкі пераклад”.
Намінаваць аўтараў на прэмію могуць выдаўцы, творчыя суполкі ды іншыя калектывы. Заяўкі прымаюцца да 31 студзеня на адрас 220050, г. Мінск, а/с 218 (або [email protected]). Даведкі па тэлефоне (017) 2881461 у працоўныя дні з 9:00 да 16:00.
Прэмія “Дэбют” заснаваная ў 2010 годзе — і сёлета будзе ўручацца ўжо ў трэці раз. Традыцыйна ўручэнне адбудзецца 21 сакавіка ў Дзень паэзіі.
У 2010 годзе пераможцамі прэміі былі Віталь Рыжкоў (паэзія), Наталка Харытанюк (проза), Вольга Цвірка і Наста Лабада (пераклад). У 2011 — Антон Францішак Брыль (паэзія), Віктар Марціновіч (проза) і калектыў часопіса “Прайдзісвет” (пераклад).