Алесь Бяляцкі даслаў з-за кратаў першы ліст жонцы
Ліст з турмы ён адправіў 8 жніўня.
Допіс праваабаронцы цытуе сайт "Вясна":
"Жыцьцё працягваеццца, я паступова асвойваюся і вывучаю няхітрыя навукі жыцця ў СІЗА. Устаем рана ў 6, кладземся таксама рана — у 22. Дзіўным чынам арганізм хутка прыстасоўваецца да забытага ўжо з часоў службы ў войску распарадку. Тут усё робіцца не спяшаючыся, але вельмі дакладна і “са смакам”. Прагулка — “са смакам”, паход у лазню — “са смакам”.
Вадзілі да доктара, зрабілі флюараграфію, адкаталі пальчыкі ўжо другі раз за гэтыя тры дні, завялі медыцынскую картачку. Скаргаў на здароўе у мяне няма.
Пакуль я ўсё ўспрымаю, як штосьці нерэальнае, паглядзім, якія адчуванні з'явяцца пазней.
У гэтую гарачыню было троху душнавата, але прайшоў дождж, і на выгуле паветра было свежым і чыстым. Добра, што вялікія светлыя дні, у мяне на святло заўсёды добрая рэакцыя".