Алеся Бяляцкага перавялі ў Жодзінскую турму №8
Там яго будуць трымаць да ўступлення прысуду ў сілу. Да гэтага праваабаронцу трымалі ў мінскім СІЗА №1, так званай "Валадарцы".
Перавялі Бяляцкага 1 снежня. пра гэта Еўрарадыё паведаміла паплечніца Бяляцкага праваабаронца Наста Лойка:
Лойка: "Учора яго перавялі ў СІЗА ў Жодзіна. Там агульны турэмны комплекс, афіцыйная назва — турма №8 на вуліцы Савецкай. Ён будзе знаходзіцца там, покуль не ўступіць у законную сілу прысуд або пакуль не адбудзецца разгляд яго касацыйнай скаргі. І пасля гэтага яго будуць накіроўваць па месцы адбыцця пакарання праз нейкі час".
Па словах Лойкі, такі перавод — звычайная практыка, бо ў "Валадарцы" не стае месцаў. Аднак перавод Бяляцкага яна разглядае як сродак ціску на палітвязня. Лойка адзначае, што ў Мінску палітвязень знаходзіўся ў крыху лепшых умовах, чым яго чакаюць у Жодзіне.
Нагадаем, што Бяляцкага асудзілі на 4,5 гады калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці. Яго абвінавацілі ва ўтойванні прыбыткаў у асабліва буйных памерах. Касацыйную скаргу на прысуд павінны разгледзець на працягу снежня.
***
Напісаць праваабаронцу можна на адрас: 222160, Мінская вобл., г.Жодзіна, вул.Савецкая, 22А, турма №8, Бяляцкаму А.В.