“Аўтарадыё”: Магчыма, нас закрылі, бо хтосьці захацеў нашыя частоты...
Міністэрства інфармацыі параіла “Аўтарадыё” напісаць заяву на выдзяленне новых частот. Пакуль жа радыё працягвае плаціць за частату, якой не карыстаецца.
Паўгода прайшло з таго часу, як было спыненае вяшчанне “Аўтарадыё”. Рашэнне, што будзе з частатой, на якой знаходзілася радыёстанцыя, дагэтуль не агучваюць. А людзі, якія займаліся гэтым пытаннем, у Міністэрстве інфармацыі больш не працуюць.
Днямі “Аўтарадыё” атрымала яшчэ адзін адказ ад Мінінфармацыі. У ім радыёстанцыі прапануюць папрасіць новыя частоты…
“... адказ за подпісам намесніка міністра Лапцёнка. Але, як выявілася, цяпер ён звольніўся. Другі чалавек, які займаўся гэтым пытаннем, — Слабадчук. Яго таксама звольнілі, — кажа дырэктар "Аўтарадыё" Юрый Базан. — Навошта новы частотны рэсурс, калі гэта нашыя частоты і мы за іх плацім? Пагадзіцца з тым, што “дайце нам новыя частоты”, значыць падпісацца пад тым, што мы гэтыя частоты камусьці падарылі, ці што? Гэтыя частоты разлічаныя на наш выпраменьвальны цэнтр, на нашыя перадатчыкі на Прытыцкага… І з чаго б раптам мы павінны ад іх адмаўляцца? Незразумела! Хтосьці захацеў нашыя частоты ці што?”
Нагадаем, што з 1999 года “Аўтарадыё” працавала на частаце 67,7 МГц. З 2001 года да яе дадалася яшчэ адна частата — 105,1 МГц.
Юрый Базан: “Мы цяпер падрыхтавалі дакументы, якія пацвярджаюць, што гэтыя частоты прапісаныя і ў ліцэнзіі Міністэрства сувязі. І дазвол дзяржінспекцыі электрасувязі на іх быў ад самага пачатку!”
Цяпер “Аўтарадыё” рыхтуе яшчэ адзін запыт у Міністэрства інфармацыі… Юрый Базан кажа, што ў гэтай гісторыі шмат незразумелага.
Юрый Базан: “Я не ведаю, якая б там з’явілася радыёстанцыя і што б гэта было. Магчыма, у такім разе атрымоўваецца, што нас закрылі не ў сувязі з рэкламай, а таму што камусьці спатрэбіліся частоты? Хаця на іх яшчэ ніхто не з’явіўся… Але калі мы плацім за гэтыя частоты, мы іх не можам нікому перадаць! Хаця ў нашай дзяржаве можа быць рознае”.
З намеснікам міністра інфармацыі Дзмітрыем Шадко, які цяпер займаецца справай "Аўтарадыё" замест Слабадчука, у нас звязацца не атрымалася.
Мінінфармацыі: “Цяпер гэта праблематычна. Ён быў у раз’ездах, знаёміўся… Зараз жа будзе два тыдні на курсах у Акадэміі кіравання…”
Еўрарадыё працягвае сачыць за лёсам "Аўтарадыё".