Беларусы ўвезлі 150 машын па новых мытных пошлінах

110830 Luka6uk Avto.mp3

Як даведалася Еўрарадыё, нягледзячы на высокія кошты растаможкі, ганяць аўтамабілі з Еўропы беларусы не перасталі. Згодна са словамі кіраўніка прэс-службы Мытнага камітэта Дзмітрыя Пяшко, за першы месяц дзеяння новых правілаў у краіну было ўвезена 150 аўто.

Дзмітрый Пяшко: “У ліпені 150 было ўвезена. За жнівень у нас пакуль звестак няма, бо месяц яшчэ не скончыўся”.

Але і гэты месяц не будзе “пусты”. Як вядома, кошт растаможкі залежыць ад аб’ёму рухавіка і ўзросту аўтамабіля. Можна было чакаць, што калі нешта і будуць гнаць у першы месяц пасля ўвядзення новых пошлін, то гэта, найхутчэй, будуць малалітражкі прыблізна 5-гадовага ўзросту. Як высветлілася, гэта далёка не так.

Дзмітрый Пяшко: “Гоняць машыны дастаткова рознапланавыя. Казаць, што гоняць толькі вельмі дарагія, нельга. Розныя машыны: абсалютна розных класаў, абсалютна рознага кошту і рознага аб’ёма”.

Тое, што гэты бізнэс паціху аджывае, пацвярджае і перагоншчык са шматгадовым стажам Сяргей.

Сяргей: “Усё аджывае памаленьку. Заканчваюцца адпачынкі, людзі за гэты час усё пераасэнсавалі і перастроіліся на Расію. Цяпер у нас роўныя ўмовы, і яны (расіяне — Еўрарадыё) цяпер набываюць машыны не ў Германіі, не ў Літве, а ў нас — беларусаў”.

Паводле яго слоў, нягледзячы на тое, што ў самой Расіі даўно працуюць заводы вядомых сусветных аўтабрэндаў, ёсць пэўныя мадэлі, якія можна набыць толькі за мяжой ці ў аўтасалоне. Беларускія перагоншчыкі “вылічаюць” такія аўто і прапаноўваюць іх пакупнікам.

Сяргей: “Ёсць спецыфічныя мадэлі, машыны, якіх у Расіі не выпускаюць, а ім гэта цікава. І большасць нашых, натуральна, працуюць не пад замову, а чыста “на рынак”. Перакупшчыкі расійскія ў нас ужо даўно сядзяць — амаль ужо год як. У прынцыпе, расійскі “перакуп” сам ужо задаў тыя варыянты, тыя машыны, якія ім патрэбныя”.

Да таго ж, растаможка вылічваецца ў еўра, але аплачваецца паводле курсу Нацбанка. Розніца афіцыйнага і “чорнага” курса дазваляе знізіць кошт выплаты амаль удвая. А гэта дае магчымасць перагоншчыкам зарабляць сабе на хлеб з маслам.

Сяргей: “Тыя ж заробкі, што і тут былі, але з Расіяй заўсёды было прасцей. Яны плацілі іншыя грошы — першае, і менш было прэтэнзій — другое. Рускія ніколі не зважалі на нейкія невялікія драпіны, а для нашых машына на рынку мусіла стаяць вылізаная, як з салона, хоць ёй і было 10 гадоў. А для рускіх галоўнае — каб машына была ў добрым тэхнічным стане”.

На думку аўтаэксперта Сяргея Міхайлава, беларускі рынак ужываных аўто не аджывае, а дажывае апошнія дні. І менавіта для беларусаў ён стане прывабным не хутка. Калі наогул калі-небудзь стане.

Сяргей Міхайлаў: “Усё залежыць ад таго, які будзе сярэдні заробак — 100 долараў ці 50. Ад рынку тут нічога не залежыць і ад машын таксама — залежыць ад сярэдняга заробку, ад даходаў насельніцтва, пакупніцкай здольнасці”.

На думку эксперта, перагоншчыкі вязуць расіянам найчасцей дарагія аўто. Саміх жа перагоншчыкаў ён раіць не ўспрымаць больш як працаўнікоў беларускага рынку працы. Лічыце, кажа, што яны, нібыта будаўнікі, з’ехалі працаваць у Расію.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі