Белавежскія зубры пляжаць калгасныя палеткі
У Пружанскім раёне гаспадаркі ў апошнія гады церпяць значныя страты ад лясных жыхароў.
Паводле газеты “Вечерний Брест», зубры прыходзяць на палі, засеяныя азімымі, капытамі выграбаюць сабе корм і ладзяць лёжкі. У гаспадарцы “Мурава” з-за нашэсця звяроў давядзецца перасяваць як мінімум сто гектараў азімага рапсу, а таксама жыта, азімае трыцікале. Зуброў спрабуюць адпужваць, збіраючы групы людзей, але гаспадары Белавежскай пушчы амаль нічога не баяцца.
Загараджальная сетка ад зуброў не ратуе, не вырашае праблемы і страхоўка сельскагаспадарчых культур. У той самы час не знойдзена і парушэнняў у Нацыянальным парку “Белавежская пушча”, з тэрыторыі якога зубры прыходзяць на палеткі. Нядаўна былі абследаваныя ўсе падкормачныя пляцоўкі — кормяць звяроў дастаткова.