Чаму выкладчыкі ВНУ зарабляюць менш за настаўнікаў у школах?

120524 Nasta Zarplata.mp3

Паводле інфармацыі Белстату, прафесары і выкладчыкі ў красавіку атрымлівалі ў сярэднім 4 мільёны 392 тысячы рублёў. Настаўнікі — 3 мільёны 120 рублёў.


Еўрарадыё спрабуе адшукаць выкладчыка, які атрымлівае хаця б 4 мільёны. Заадно даводзіцца пагутарыць з тымі, хто атрымлівае нават менш за два! Такіх — шмат…


Спярша тэлефаную ў ВНУ. Але там нечакана кажуць, што заробак 4 мільёны лепш шукаць... у школах! Выкладчык англійскай мовы Акадэміі мастацтваў Канстанцін зарабляе ажно ў тры разы менш — усяго 1 мільён 600 тысяч.


Канстанцін: “Гэта поўная стаўка. Заробак нават крыху вырас за апошні час — працэнтаў на 30%”.


Расказваю Канстанціну, што сярэдні заробак настаўнікаў большы за яго — 3 мільёны 120 рублёў… Хлопец тлумачыць дзіўнае наступным чынам.


Канстанцін: “Там нагрузка большая. І аб’ектыўна — працы ў настаўнікаў больш. Чамусьці такая сітуацыя, што выкладчыкі зарабляюць менш за настаўнікаў у школе”.


Перш чым тэлефанаваць у школу, вырашаю паспрабаваць дзіцячы садок, гэта ж таксама сфера адукацыі. Лагапед дашкольнай установы Наталля зарабляе на 100 тысяч больш за выкладчыка ВНУ Канстанціна. Заробак свой дзяўчына лічыць у доларах: так зручней.


Наталля: “Мой заробак 200 долараў — гэта мільён 700, дзесьці так… Але гэта заробак без катэгорыі”.


Еўрарадыё: А які заробак у выхавальніц у вашым дзіцячым садку?


Наталля: “Ну, калі б я са сваім стажам і кваліфікацыяй працавала тут выхавальніцай, то атрымлівала б прыкладна столькі ж, толькі меней. Хто з досведам атрымліваюць болей — 2 мільёны 100 тысячаў, 2 мільёны 500 тысячаў…”.


Наталля кажа, што ў раёне 4 мільёнаў у садку зарабляюць хіба што ў адміністрацыі.


Наталля: “Калі б я жыла адна, калі б у мяне не было мужчыны — усё было б вельмі і вельмі сумна. Калі мы здымалі кватэру, я, працуючы ў адукацыі, атрымлівала 200 долараў, мой хлопец — 300 долараў, працуючы ў паў-дзяржаўнай фірме. Мой заробак цалкам сыходзіў на здым жылля. На другі заробак толькі і можна было пражыць”.


Каб зэканоміць грошы, дамовіліся траціць на забавы толькі праз месяц.


Наталля: “Вельмі хацелася сабе дазволіць кожны месяц, але вырашылі, што так: месяц дазваляем, а месяц — зусім не. Забавы — гэта кіно… У тэатр даўно не хадзілі. Ды нават на паходы з сябрамі куды-небудзь. У кавярню схадзіць…”.


Нарэшце знаходжу чалавека ў школе, які атрымлівае больш за тры мільёны! Гэта як раз той заробак, які паказвае Белстат. Настаўнік фізікі ў ліцэі Аляксандр атрымаў у красавіку 3 мільёны 300 тысяч.


Аляксандр: “Але гэта дзве стаўкі”.


Прыблізна супадае са статыстыкай і заробак настаўніцы біялогіі, што працуе ў сярэдняй школе Мінскага раёна. Вольга мае стаж тры гады і больш за 1,5 стаўкі. Гэта 2 мільёны 800 тысяч.


Вольга: “У мяне больш за 1,5 стаўкі… Калі звычайны працоўны дзень пераводзіць на школьную працу, то гэта не ўстаючы — прыйшоў з працы, а пасля пайшоў дадому. І ўсё, на гэтым усё жыццё закончылася”.


Сярэдні заробак у Беларусі ў красавіку склаў тры мільёны 252 тысячы рублёў. І павялічыўся ў параўнанні з сакавіком на 93 тысячы.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі