Віктар Ганчарэнка: “Непакоіць тое, што ўсе ў нас здаровыя”

Два матчы БАТЭ з “Валенсіяй” называюць плэй-оф групы F. Пры безумоўным фаварыце ― “Баварыі” ― менавіта гэтыя два клубы вырашаць паміж сабой, хто, акрамя немцаў (а цалкам магчыма і з якога месца) пройдзе далей. Галоўны трэнер БАТЭ Віктар Ганчарэнка на перадматчавай канферэнцыі шмат усміхаўся і ўпрост выпраменьваў аптымізм.

Віктар Ганчарэнка: “Непакоіць тое, што ўсе ў нас здаровыя. І гэта дадатковы галаўны боль. І Бага, і Радзькоў зараз у выдатнай форме. Да матча з “Валенсіяй” 21 футбаліст падрыхтаваны на 100%”.

Віктар Ганчарэнка спадзяецца, што ў хатнім супрацьстаянні з “Валенсіяй” у БАТЭ атрымаецца зарабіць як мінімум адно ачко. Што праўда, статыстыка матчаў барысаўчан з іспанскімі клубамі несуцяшальная: 6 гульняў ― 6 паразаў.

“Да гэтага сезона ў нас перамог у Лізе чэмпіёнаў увогуле не было. Таму я да статыстыкі стаўлюся спакойна, ― адказвае на заўвагу скептыкаў Віктар Ганчарэнка. ― Да таго ж, каманда зараз у добрай форме. Статыстыка яна для таго і ёсць, каб яе ламаць”.

Поўху ад іспанцаў ― толькі ўжо ад зборнай Іспаніі ― атрымала нацыянальная каманда Беларусі. Як гэта паўплывае на настрой і гульню тых 9 футбалістаў БАТЭ, якіх выклікаў у склад беларускай зборнай Георгій Кандрацьеў?

“Ад такіх паразаў заўжды цяжка адыходзіць чалавеку, які чаго-небудзь дасягнуў, ― адказвае прысутны на прэс-канферэнцыі Віталь Радзівонаў. ― Я не магу сказаць за ўсіх. Але я паспрабую адыйсці ад гэтага як мага хутчэй”.

На думку Віктара Ганчарэнкі, новы трэнер “Валенсіі” Маўрысія Пелегрына "знаходзіцца ў пошуку". З сыходам Унаі Эмеры ў міжсезонні іспанскі клуб мог страціць свой фірмовы стыль, і гэта адкрывае перад барысаўскім клубам дадатковыя магчымасці, мяркуе галоўны грэнер БАТЭ.

***

Нагадаем, матч групавога этапа футбольнай Лігі чэмпіёнаў паміж барысаўскім БАТЭ і іспанскай "Валенсіяй" пройдзе на "Дынама" 23 кастрычніка (пачатак — у 21.45). Жывая трансляцыя запланаваная на тэлеканале "Беларусь-2".

Як паведамляе "Прессбол", на матч ужо прададзеныя 27 тысяч білетаў.

БАТЭ з'яўляецца лідарам групы — 6 ачкоў, у "Баварыі" і "Валенсіі" — па 3 ачкі, у французскага "Ліля" ачкоў няма.


Андрэй Гарбуноў і Рэнан Брэсан

Фота — fcbate.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі