Камітэт Сацінтэрна абмяркуе сітуацыю ў Беларусі пасля прэзідэнцкіх выбараў

2—3 мая ў Алматы адбудзецца пасяджэнне камітэта Сацыялістычнага інтэрнацыянала па СНД, Каўказу і Чарнаморскаму рэгіёну.

Па запрашэнні генеральнага сакратара Сацінтэрна Луіса Аялы ўдзел у пасяджэнні возьме старшыня брэсцкай абласной структуры Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Ігар Маслоўскі.

Як паведаміў БелаПАН Маслоўскі, у парадку дня пасяджэння камітэта Сацінтэрна — праблемы развіцця дэмакратыі ў краінах СНД і Каўказа, абмеркаванне праграмы пабудовы сацыял-дэмакратыі ў Цэнтральнай Азіі, пытанні садзеяння забеспячэнню міру і бяспекі, вырашэння канфліктаў у рэгіёне.

"Асобным пытаннем будзе разглядацца сітуацыя ў Беларусі, якая склалася пасля прэзідэнцкіх выбараў, — адзначыў старшыня брэсцкай абласной структуры БСДП (Грамада). — Я рыхтуюся выступіць з дакладам аб палітычнай, эканамічнай і сацыяльнай абстаноўцы ў нашай краіне. У прыватнасці, па актуальных праблемах у эканоміцы, а таксама аб палітычных рэпрэсіях і палітзняволеных".

Маслоўскі дапоўніў, што ў рамках пасяджэння камітэта Сацінтэрна плануецца правядзенне перамоў паміж прадстаўнікамі сацыял-дэмакратычных партый па ўстанаўленні і ўмацаванні двухбаковага супрацоўніцтва.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі