Карняенка просіць Генпракуратуру знайсці спісы невыязных апазіцыянераў

Патурбаваць адразу тры ведамствы, а не чакаць адказу з аддзела па грамадзянстве і міграцыі, палітыку параілі юрысты Беларускага Хельсінскага камітэта.

Віктар Карняенка: “Тут проста ёсць адно жаданне — прыспешыць час, каб гэта было як мага хутчэй. Бо на гэты конт выказваліся і ў Генеральнай пракуратуры, што нічога пра нейкія спісы невядома. Вось, няхай даведаюцца. Яны мусяць назіраць за выкананнем закона і Канстытуцыі — вось няхай і займаюцца сваёй справай”.

Лісты Карняенка накіроўвае ад свайго імя і толькі датычна забароны яму пакідаць краіну. Анатоль Лябедзька, Сяргей Калякін ды Валянцін Стэфановіч будуць гэта рабіць персанальна па сваім вяртанні ў Беларусь.

Карняенка прызнаецца, што доказаў таго, што яго не выпусцілі за мяжу, няма — ніякага штампу ў пашпарт з гэтай нагоды палітыку не паставілі. Але ён мае сведак, запісаў нумары машын людзей, якія выязджалі ў Літву ў той жа час. Магчыма, яны пагодзяцца сведчыць на яго карысць, калі будзе патрэба.

Між тым, палітык не выключае, што забарона на выезд 10 сакавіка была разавая, каб перашкодзіць беларускім апазіцыянерам сабрацца разам у Вільні для абмеркавання агульнай стратэгіі на парламенцкіх выбарах.

Фота — bymedia.net

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі