Апазіцыя: у камісіі нас не ўключаюць, сачыць за падлікам галасоў не зможам

У сераду ў Беларусі заканчваецца фармаванне тэрытарыяльных выбарчых камісій. Функцыя гэтых структур — сачыць за справядлівасцю выбарчага працэсу і, зразумела, за падлікам галасоў.

Палітычныя сілы, якія падтрымліваюць апазіцыйных прэтэндэнтаў на прэзідэнцкую пасаду, ужо заяўляюць пра тое, што ў выбарчыя камісіі іх не прымаюць. Ад Аб'яднанай грамадзянскай партыі, якая на выбарах падтрымлівае свайго старшыню Анатоля Лябедзьку, у тэрытарыяльныя камісіі прайшоў толькі 1 чалавек з 10 — Сяргей Магонаў з Брэсцкай вобласці.

“Паводле нашай інфармацыі, камісіі ўжо зацверджаны. Улады не хочуць дэмакратызацыі выбарчага працэсу. Хочуць яго засакрэціць, закрыць”, — выказваецца сябра палітсавета АГП Віктар Карняенка.

Палітык адзначае, што прызнанне вынікаў выбараў магчымае, калі апазіцыйныя прадстаўнікі будуць ўключаны ў тэрытарыяльныя выбарчыя камісіі, калі будзе празрысты падлік галасоў і калі назіральнікі змогуць бесперашкодна сачыць за ўсімі працэдурамі падліку. Але, як лічыць Карняенка, улады на гэта не пайшлі.

“Фактычна прадстаўнік выбарчай камісіі можа нешта рабіць толькі на даручэнне камісіі. Калі ён будзе сядзець на месцы і не зможа праверыць спіс выбаршчыкаў, не зможа знаходзіцца на адной з участковых камісій падчас галасавання і сачыць за падлікам галасоў, то сядзець там дзеля мэблі абсалютна бессэнсоўна”, — тлумачыць Карняенка.

Намеснік старшыні Беларускай партыі левых “Справядлівы свет” Валерый Ухналёў (партыя на гэтых выбарах вылучыла на кандыдата свайго старшыню Сяргея Калякіна) кажа, што поўных звестак па іх прадстаўніках у тэрытарыяльных камісіях пакуль няма. А вылучалі яны 39 чалавек.

Ухналёў: “Паўсюль, дзе стварылі камісіі, нікога з нашых прадстаўнікоў нідзе не ўключылі. Толькі нібыта ў Хойніках нашага прадстаўніка ўключылі, але гэта пакуль не пацверджана”.
 
Партыя БНФ вылучала ў камісіі 14 чалавек (11 — ад партыі, 3 — зборам подпісаў).

“Вядома, што у Віцебскую абласную выбарчую камісію ўвайшоў адзін наш чалавек. Вядома толькі пра гэта. Але фармаванне яшчэ працягваецца”, — апавядае сябра сойму Партыі БНФ Юрый Чавусаў.

У Віцебскую абласную выбарчую камісію ўвайшоў прадстаўнік Партыі БНФ

Канчатковая інфармацыя датычна тэрытарыяльных выбарчых камісій хутчэй за ўсё стане вядома раніцай 23 ліпеня.

Фота: ByMedia.net

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі