Матч БАТЭ — “Штурм” збярэ каля 12 тысяч заўзятараў
Каля касаў мінскага стадыёна "Дынама" стаіць чарга, некаторыя заўзятары набываюць па 15-20 квіткоў.
На першай гульні плэй-оф футбольнай Лігі чэмпіёнаў на сталічным стадыёне "Дынама" аншлагу не будзе. На раніцу 16 жніўня на матч БАТЭ — “Штурм” было прададзена 8 тысяч квіткоў. Пра гэта Еўрарадыё распавёў намеснік генеральнага дырэктара БАТЭ Віктар Хадасевіч:
“Засталося шмат квіткоў. Прададзена больш за 8 тысяч. Колькі будзе — прагназаваць цяжка. Вельмі шмат квіткоў набываецца ў апошні дзень. Цяпер стаіць чарга з самай раніцы. А колькі будзе ўсяго заўзятараў, пабачым на самой гульні”.
Адміністратар турыстычнага агенцтва "АБФФ-Путешествие", якое таксама займаецца рэалізацыяй квіткоў на сённяшні матч, кажа, што яны прадалі 5,5 тысяч квіткоў са згаданых 8 тысяч. А ўвогуле на матчы чакаецца ад 10 да 12 тысяч балельшчыкаў.
А 11-й гадзіне раніцы ў аўторак ля касаў яшчэ стаялі людзі, некаторыя куплялі адразу па 15-20 квіткоў.
Нагадаем, матч паміж барысаўскім БАТЭ і аўстрыйскім “Штурмам” пачнецца сёння ў 21.45 на мінскім стадыёне “Дынама”. Гэта першая сустрэча супернікаў — наступная адбудзецца праз тыдзень у Аўстрыі.
Для таго, каб другі раз за сваю гісторыю выйсці ў групавы этап Лігі чэмпіёнаў, барысаўчанам трэба перамагчы па суме двух матчаў.