Міліцыя шукае праваабаронцу Андрэя Бандарэнку
Ён апынуўся пад пільнай увагай праваахоўнікаў, распавёўшы аб катаваннях у Лідскім РАУС.
Міліцыянты з Ліды накіравалі запыт у Кіраўск Магілёўскай вобласці, дзе афіцыйна зарэгістраваны Андрэй Бандарэнка, з паведамленнем аб магчымым распачынанні крымінальнай справы нібыта за паклёп на адрас лідскіх міліцыянтаў. Супрацоўнікі Кіраўскага РАУС у сваю чаргу затэлефанавалі праваабаронцу і запрасілі яго на размову для высвятлення абставінаў. Паколькі афіцыйнай позвы не было, Бандарэнка адмовіўся з'яўляцца ў РАУС, паведамляе Белсат.
З міліцыяй Ліды праваабаронца звязвае справу братоў Шкурко. Андрэй Бандарэнка распавёў, як лідскія міліцыянты фізічна і маральна катавалі затрыманых хлопцаў, якім цяпер пагражае крымінальная і адміністрацыйная адказнасць за супраціў міліцыі.