Надзея Ермакова пазбаўляецца ад “каманды Пракаповіча”?
Такой вялікай цякучкі кіруючых кадраў у галоўным банку краіны не было гадоў дзесяць.
Адразу два намеснікі старшыні Нацбанка звольніліся 15 красавіка з працы. За апошнія тры гады з гэтай пасады сышлі ажно пяць банкіраў. Няўжо Надзея Ермакова пазбаўляецца ад “каманды Пракаповіча”?
“Не вельмі лагічна мяняць “каманду Пракаповіча” ў сітуацыі, калі, і мы гэта бачым, Пракаповіч рэзка павялічвае сваю адміністрацыйную вагу — ён, напэўна, шмат у чым ужо ў вачах прэзідэнта пераважвае прэм’ера!” — сумняваецца эканаміст Сяргей Чалы.
І дадае: калі б у Нацбанку сёння адбывалася нешта, наўпрост звязанае з Пятром Пракаповічам, то людзі з яго каманды, наадварот, умацоўвалі б свае пазіцыі. А тут — звальненні па ўласным жаданні…
Нагадаю, у панядзелак Нацбанк пакінулі два першыя намеснікі старшыні праўлення — Мікалай Лузгін і Юрый Алымаў. Напрыканцы 2012 года з той жа пасады сышоў Уладзімір Сянько. А ў 2010-м пасаду намесніка старшыні пакінулі Васіль Мацюшэўскі і Павел Калавур. І куды пайшлі? Чацвёра з гэтых пяці ўладкаваліся ў камерцыйныя банкі з расійскім капіталам.
А гэта сведчанне таго, упэўнены суразмоўца Еўрарадыё, што сышлі намеснікі ў пошуках “лепшай долі”.
Сяргей Чалы: “Гэта можна лічыць павышэннем. Бо, з аднаго боку, ты перастаеш быць суб’ектам, якога ўвесь час мучаюць рознымі ўказаннямі зверху, — у камерцыйнай структуры нічога гэтага няма. Ну, і, канешне, ты выйграеш па грошах. У прыватным сектары, а тым больш — у банкаўскай сферы, прыбыткі большыя, чым могуць дзяржчыноўніку прапанаваць”.
Тое, што імкнуцца ў банкі з замежным капіталам, таксама лагічна. Найперш, тлумачыць эксперт, заробкі там вышэйшыя, а самі ўстановы больш свабодныя ў сваіх дзеяннях, чым айчынныя калегі. Хоць і працуюць у адным прававым полі.
Маладых намеснікаў Ермаковай Чалы ацэньвае станоўча. Да прыкладу, Надольны, які замяніў Лузгіна, быў “спікерам” рашэння пра “плаваючы валютны курс” і ўвядзенне дадатковай сесіі 14 верасня 2011 года. Іншая справа, ці здольныя гэтыя маладыя ліберальныя банкаўскія ваўкі нешта змяніць у Нацбанку?
Сяргей Чалы: “Каб памяняць тамтэйшую атмасферу на прарынкавыя настроі і погляды, трэба ледзь не ўвесь склад Нацбанка мяняць. А асобныя людзі там свае погляды самі змяняюць пад уздзеяннем сваіх кансультантаў і гэтак далей. Мы на прыкладзе самой Ермаковай гэта выдатна бачылі”.
Няўжо нічога ў палітыцы галоўнага банка краіны з амаладжэннем кіруючага складу не зменіцца? Суразмоўца Еўрарадыё нічога кардынальнага не чакае. Лічыць, што вынік ад гэтай кадравай перастаноўкі будзе “альбо нейтральным, альбо — слаба пазітыўным”. Адзінае, на фоне невысокага адміністрацыйнага аўтарытэту новых намеснікаў крыху павялічыцца адміністрацыйны аўтарытэт самой старшыні праўлення Нацбанка — Надзеі Ермаковай.
Тым не менш Сяргей Чалы лічыць ненармальным такую вялікую цякучку кіруючых кадраў у галоўным банку краіны. Кажа, апошні раз такое назіралася гадоў з дзесяць таму.
Сяргей Чалы: “Трэба разумець, што ў Нацбанку сабраныя лепшыя спецыялісты ў пытаннях грашовага звароту, макраэканомікі, якія добра разумеюць нашу рэгулятыўную прававую базу, — за імі ідзе паляванне, іх спрабуюць перавабліваць”.
Найперш — банкі з расійскім капіталам, якія зараз актыўна пашыраюць свае аперацыі, “завязваюцца” на крэдытаванне беларускай эканомікі. А тут, у дадатак да эканомікі, неабходнае падключэнне палітычна-эканамічных рычагоў, разважае эксперт. Калі можа спатрэбіцца вопыт такіх людзей, як намеснік старшыні праўлення Нацбанка краіны.
Фота: Змітра Лукашука, tut.by