Павел Латушка ўручыў даверчыя лісты прэзідэнту Францыі
Афіцыйная цырымонія ўручэння даверчых лістоў прайшла 22 лютага ў Елісейскім палацы ў Парыжы.
Пасля цырымоніі адбылася размова новага беларускага пасла з кіраўніком Францыі Франсуа Аландам. Прэзідэнт выказаўся за актывізацыю эканамічных адносінаў з Беларуссю і пазітыўна адзначыў высілкі беларускага боку ў гэтым кірунку.
Павел Латушка ў сваю чаргу падкрэсліў, што ў якасці прыярытэтаў у сваёй дыпламатычнай дзейнасці ў Францыі бачыць садзейнічанне гандлёва-эканамічнаму супрацоўніцтву і развіццю адносінаў у сферы культуры. Ён адзначыў, што на сёння ўзровень беларуска-французскага эканамічнага супрацоўніцтва не адпавядае патэнцыялу абодвух бакоў.
Амбасадар таксама сказаў, што Беларусь гістарычна належыць да адзінай агульнаеўрапейскай прасторы, беларуская культура з’яўляецца часткай еўрапейскай культуры і зрабіла значны ўнёсак у яе развіццё, перадае БелаПАН.