Павел Севярынец: "Купліна будзе не менш цікавы за Малое Сітна"
Лідэр беларускай хрысціянскай дэмакратыі кіруецца на "хімію" на Пружаншчыну, проста да Белавежскай пушчы. Перад адпраўкай Павел пагутарыў з Еўрарадыё.
Еўрарадыё: Стала вядома, куды вас накіроўваюць для адбывання “хіміі”. Распавядзіце нашым слухачам, што гэта за месца.
Севярынец: “Гэта вёска пад назвай Купліна, Пружанскага раёна, Берасцейскай вобласці. Яшчэ ўчора ў інспекцыі мне казалі, што накіруюць мяне кудысьці ў Віцебскую вобласць, але сёння аказалася, што ў гэтым рэгіёне месца для мяне няма. Таму мяне накіроўваюць практычна ў самую далёкую ад Віцебска кропку, гэтае месца знаходзіцца практычна ў Белавежскай пушчы”.
Еўрарадыё: Калі вы мінулым разам адбывалі пакаранне ў вёсцы Малое Сітна, шмат хто жартаваў, што на мапе Беларусі адмыслова для вас знайшлі Сібір: там нават не было сотавай сувязі.
Севярынец: “Мяркую, што ў Купліне сувязь будзе. Хоць гэта і недалёка ад Белавежскай пушчы, але не думаю, што гэта самае глухое месца. Я ўжо паглядзеў у інтэрнэце, што раней там знаходзілася ракетная база. Прынамсі, там павінна быць не менш цікава, чым у Малым Сітне”.
Еўрарадыё: Ці вядома вам, чым вы там будзеце займацца?
Севярынец: “Пакуль што ніхто мне пра гэта не казаў. Магчыма, што і там буду валіць лес, а магчыма буду працаваць у калгасе. Гэта ўжо высветліцца на месцы”.
Еўрарадыё: Вы як геолаг праверылі, ці ёсць там нейкія карысныя выкапні?
Севярынец: "Думаю, што ў тым краі можа быць сланцавы газ. Напрыклад, польскія радовішчы сланцавага газу вядуць у Белавежскую пушчу. Але рабіць там нейкія навуковыя даследванні немагчыма, бо адна свідравіна для даследванняў каштуе некалькі сотняў тысячаў долараў. Можа быць, калі дзяржава будзе праводзіць там даследванні, я змагу даць некалькі карысных парадаў”.
Еўрарадыё: Ці скончылі вы працу над апошняй кнігай? Ці будзеце пісаць нешта яшчэ?
Севярынец: “Не, раман, які я пішу, не скончаны. Будзе чым заняцца на “хіміі”. Буду таксама ў жанры рэпартажа пісаць і пра тое месца, куды мяне дасылаюць”.
Еўрарадыё: А якая там сітуацыя з вернікамі? Здаецца, у Малым Сітне ўсе былі атэістамі?
Севярынец: “Думаю, што тут сітуацыя з верай будзе лепшай. Па-першае, ўсё ж гэта Заходняя Беларусь, а па-другое, вёска знаходзіцца на мяжы каталіцтва і праваслаўя. Больш за тое, там моцныя традыцыі вернікаў-евангелістаў. Таму мне здаецца, што там і цэркваў, і вернікаў будзе больш”.
Еўрарадыё: Ці плануеце вы займацца палітычнай дзейнасцю?
Севярынец: “Безумоўна, я буду звязвацца з пружанскім кардынатарам партыі “Хрысціянская дэмакратыя”, недалёка Брэст, Кобрын. Спадзяюся, змагу ў цяжкіх сітуацыях дапамагаць калегам”.
Еўрарадыё: Сёння кіраўніцтва аргкамітэту БХД прыняло заяву, у якой заклікае міжнародную супольнасць рабіць рэальныя крокі па абароне дэмакратыі ў Беларусі. Раскажыце, калі ласка, пра гэты зварот.
Севярынец: “Тыя падзеі, якія нядаўна адбыліся, маю на ўвазе выдачу Літвой дадзеных банкаўскіх рахункаў Алеся Бяляцкага, план Беластоцкага суда выдаць Беларусі палітуцекача Андрэя Жукаўца… Усе гэтыя сігналы вельмі трывожныя. Нам вельмі б не хацелася, каб барацьбіты за беларускую дэмакратыю не апынуліся без хаўруснікаў, сам-насам з рэжымам. Таму БХД звярнулася да еўрапейцаў, якія па каштоўнасцях нам бліжэй, каб яны не забываліся на салідарнасць са змагарамі за свабоду”.
Еўрарадыё: Кажучы пра еўрапейскія каштоўнасці, як бы вы ахарактэрызавалі тое, што зараз адбываецца ў Англіі?
Севярынец: “Дзесьці могуць мець месца памылкі ці непаразуменні, аднак за гэтым праглядаецца пэўная палітыка прагматызму. На шчасце, Еўропа - гэта такое месца, дзе каштоўнасці могуць перамагаць прагматызм. Таму мы павінны звяртацца менавіта да еўрапейцаў па дапамогу”.